Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Лябедзька: рэгіёны не адсунутыя ад рашэньняў


Радыё Свабода Выказваньні актывістаў дэмакратычнай апазыцыі ў рэгіёнах камэнтуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Лябедзька: “Праблема дачыненьняў цэнтру і рэгіёнаў была, ёсьць і будзе заставацца. Адзінае, што нельга сказаць, што рэгіёны цалкам адсунутыя ад прыняцьця рашэньняў і кантролю. Камунікацыі ў нас існуюць з кожным населеным пунктам, дзе ёсьць актывісты.

Што тычыцца сацыяльнай праблематыкі, то мы робім акцэнт на тое, каб правесьці акцыі ня толькі ў цэнтры, але і рэгіёнах. Да прыкладу, збор подпісаў, пікеты.

Таму я пагаджаюся з выказанымі заўвагамі часткова. Да прыкладу, “Эўрапейскі марш” правесьці ў кожным рэгіёне проста немагчыма.

Што тычыцца прадпрымальнікаў, то яны ўпершыню ўведзеныя ў склад палітычнай рады. Гэта Гарбачоў і Сацура, і іхныя галасы добра чуваць”.

А вось меркаваньне старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі:

“Эўрапейскі марш” — гэта перадусім менская акцыя, акцыя ідэалягічная. Яна скіраваная на тое, каб вымусіць улады даць адказ на прапановы Эўрапейскага Зьвязу.

Натуральна, што гэта не самадастатковая акцыя. Гэта частка стратэгіі, разьлічанай на 2007—2008 гады. Гэта своеасаблівае папярэджаньне перад немінучым эканамічным крызысам наступнага году. І гэты эканамічны крызыс будзе яшчэ суправаджацца так званай выбарчай кампаніяй.

Гэта ўсё ёсьць спосабам утрыманьня вулічнай мабілізацыі ў Менску напярэдадні важных падзеяў наступнага году.

Што да працы на месцах, то вельмі важна, каб актывісты структураў палітычных партыяў тлумачылі людзям, чаго дамагаюцца ў Менску. І гэта павінны рабіць дэмакратычныя структуры на месцах”.
XS
SM
MD
LG