Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць рэгіёны пра “Эўрапейскі марш” у Менску?


Міхал Карневіч, Горадня Якія ў апазыцыйных структурах дачыненьні цэнтру й рэгіёнаў? Ці ўлічваюць яны мясцовыя асаблівасьці, меркаваньні й пажаданьні? Ці пагаджаюцца ў галоўных аспэктах дзейнасьці? З такім пытаньнем напярэдадні “Эўрапейскага маршу” наш карэспандэнт зьвярнуўся да лідэраў рэгіянальных структураў на Гарадзеншчыне.

І абсалютна ніхто ў нас не пытаецца — патрэбныя тыя маршы ці не

Мікола Кавальчук з Ваўкавыску, сябра Партыі БНФ “Адраджэньне”, кажа:

“Асноўная паралізацыя дзейнасьці рэгіянальных структураў у тым, што няма па-сапраднаму аб’яднаўчага цэнтру, аўтарытэтнага, які мог бы ўсіх аб’яднаць.

Эмісары прыяжджаюць і кажуць адно, а потым другія, з тае ж партыі — і кажуць нешта іншае. І абсалютна ніхто ў нас не пытаецца — патрэбныя тыя маршы ці не, ёсьць ад іх нейкая карысьць ці няма.

А вось, напрыклад, я дзіву даюся, цяпер глябальная праблема ў прадпрымальнікаў — жыць ці ня жыць. А дзе тыя палітыкі? Хто гэтых людзей арганізоўвае, хто ім дапамагае, хто падказвае як што зрабіць? Вось яны, рэальныя падзеі...”

“Рашэньне пра яго арганізацыю прымалі, асабліва не параіўшыся з намі”

Станіслаў Суднік зь Ліды, сябра Партыі БНФ “Адраджэньне”, мяркуе гэтак:

“Улічыць у Менску ўсіх асаблівасьцяў рэгіёнаў яны ня могуць, таму рашэньні цэнтрам прымаюцца ў сярэднім па Беларусі. Калі недзе сытуацыя не адпавядае гэтаму рашэньню, тады рэгіён з гэтага праекту, калі можна так сказаць, выпадае ў некаторай ступені. Хоць існуе партыйная дысцыпліна і асноўныя палажэньні выконваюцца.

А што датычыць “Эўрапейскага маршу”, то ён праводзіцца ў Менску, а мы, так бы мовіць, так-сяк. Рашэньне пра яго арганізацыю прымалі, асабліва не параіўшыся з намі, і праводзіць яго будуць, асабліва на нас не аглядаючыся”.

“З цэнтру да нас амаль нічога не даходзіць”

Слонімскі сябра Партыі БНФ “Адраджэньне” Іван Шэга апавёў:

“На прыкладзе гэтага “Эўрапейскага маршу” магу сказаць, што з цэнтру да нас амаль нічога не даходзіць. Самі нешта рыхтуем і будзем удзельнічаць у ім.

А дачыненьні нашы маглі б быць і больш значныя, усё ж рэгіёны, я лічу, пакінутыя й існуюць самі па сабе. Праўда, пры нашай сыстэме той цэнтар няшмат і можа. Вось да прыкладу, не пасьпее нехта прыехаць зь Менску, як ужо за ім сочаць, і твораць невядома што. Быццам мы тут робім нешта антызаконнае”.

“Верх прыняў, а ніз даведаўся пра факт”

А вось што на гэты конт кажа прадстаўніца Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Ірына Верштард са Смаргоні:

“Наконт мерапрыемства на 14 кастрычніка — мы атрымалі паведамленьне. Але наша думка ўлічвалася на 25% — а 75%, як кажуць, рукі й вочы не дайшлі да нас. Дый усе пытаньні ў большасьці прымаюцца ў цэнтры — такім чынам, і да рэгіёнаў зазвычай не даходзяць: верх прыняў, а ніз даведаўся пра факт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG