Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б Эўразьвяз хацеў дабра Беларусі — дык увёў бы бясплатныя візы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія лісты, якія мы атрымліваем у гэтыя кастрычніцкія дні, — на тэму “Эўрапейскага маршу”, што мае адбыцца ў нядзелю ў Менску.

Улады дазволілі апазыцыі правесьці акцыю (хоць і не зацьвердзілі прапанаванага маршруту). Але адначасова і ў сталіцы, і ў многіх рэгіёнах пачаліся масавыя затрыманьні і арышты тых апазыцыйных актывістаў, якія зьбіраліся на марш і ўдзельнічалі ў ягонай падрыхтоўцы.

На гэтую тэму — электронны допіс нашага слухача Максіма Ліса з Горадні:

“Мяне глыбока абурае тое, як дзейнічаюць міліцыя і суды. Ну, далі вам загад арыштаваць чалавека за палітыку, ізаляваць на час правядзеньня “Эўрапейскага маршу” — дык так і кажыце: арыштоўваем як палітычна нядобранадзейнага, прэвэнтыўна затрымліваем.

Усе ж усё разумеюць. Нічога надзвычайнага ў гэтым няма — усе дыктатарскія рэжымы так робяць. І, прынамсі, гэта больш сумленна, чым нахабна хлусіць пра лаянку інтэлігентных людзей у грамадзкім месцы”.

Напэўна, Максім, складанасьць для міліцыянтаў і судоў у тым, што ў Адміністрацыйным кодэксе няма артыкулу, паводле якога можна было б караць арыштам за іншадумства і апазыцыйную дзейнасьць.

Стваральнікі цяперашняй Канстытуцыі тут “не дапрацавалі” — дазволілі палітычны плюралізм і шматпартыйнасьць, свабоду сьветапогляду.

У ідэале да гэтых справаў грамадзтва павінна вярнуцца пасьля таго, як у Беларусі ўсталюецца дэмакратычны лад, і назваць пайменна ўсіх “герояў” такіх гісторыяў. Інакш давядзецца зноў і зноў паўтараць гэты сумны досьвед.

На тэму дачыненьняў Беларусі й Эўразьвязу — кароткі ліст ад Алега Барысэвіча зь Менску:

“А ці чакае нас нехта ў Эўропе? Вось суседзі ўводзяць новы кошт візаў — 60 эўра, альбо 85 даляраў. Яны там што, з глузду зьехалі? Ня ведаюць, што ў Беларусі гэта для многіх — амаль месячны заробак?

Так зь сябрамі не абыходзяцца. Калі б яны сапраўды хацелі дабра Беларусі, дык увялі б бясплатныя візы, пусьцілі б усіх, хто хоча да іх ехаць. А так яны самі будуюць на мяжы зь Беларусьсю новую жалезную заслону”.

Наўрад ці выпадае ў гэтым выпадку казаць пра жалезную заслону, спадар Барысэвіч. Калі б беларускае кіраўніцтва захацела, спрошчаны ўезд у краіны Эўразьвязу беларускія грамадзяне мелі б ужо празь некалькі месяцаў.

Што дзеля гэтага трэба зрабіць, у Менску добра ведаюць. Брусэль выстаўляе 12 умоваў. Найважнейшыя зь іх — спыненьне перасьледу апазыцыі, вызваленьне палітвязьняў і гарантыі незалежнасьці для СМІ, а ў будучыні — свабодныя выбары.

Наш слухач Іван Хахол зь нямецкага гораду Сэгену разважае пра лёс дзяцей, якія выхоўваюцца бяз бацькі:

“У наш час ужо стала звычайнай справай, калі жанчына бяз мужа заводзіць дзіця. Нікога гэтым ня зьдзівіш. А вось людзі старэйшыя добра памятаюць 1950—1960-я гады, калі панаваў зусім іншы погляд на такую зьяву.

І жанчына, і дзіця, якое нарадзілася па-за шлюбам, станавіліся “белымі варонамі”. Грамадзкая думка асуджала такія выпадкі. Дзіця расло пад моцным нэгатыўным ціскам асяродзьдзя. Я сам з таго пакаленьня.

У нас у дваровай кампаніі былі два такія хлопцы, абодва старэйшыя за нас, бо адналеткі не прымалі іх. Адзін увесь час спрабаваў сярод нас “атаманіць”, а калі мы яго ня слухалі, пускаў у ход кулакі. Тады ўсе ўцякалі, і пачыналася небясьпечнае цкаваньне здалёк гэтага хлопца, якога ўсе называлі байструком.

Другі хадзіў увесь час заплаканы, мурзаты, і быў у нашай дваровай кампаніі ізгоем. Пазьней абодва згінулі недзе ў крымінальным сьвеце. Вядома, у той сытуацыі не было ніякай віны саміх хлопцаў. Час быў такі — няпросты час”.

У сваім лісьце Іван Хахол зь нямецкага Сэгену таксама шмат разважае пра тое, як такое дзяцінства бяз бацькі ўплывае на далейшы лёс падлетка, юнака і дарослага мужчыны, на ягоную псыхіку, стаўленьне да людзей. Слухач лічыць, што такія людзі становяцца помсьлівымі і азлобленымі на ўвесь сьвет. І што небясьпечна дапускаць іх у палітыку.

Відавочна, праблема існуе, спадар Хахол. Псыхолягі і псыхатэрапэўты пра гэтыя комплексы добра ведаюць — на гэтую тэму напісана шмат навуковых працаў. Але абагульняць тут наўрад ці варта. Тым больш заклікаць да нейкай дыскрымінацыі паводле такой прыкметы.

Згадайма: пасьля вайны цэлыя пакаленьні дзяцей у былым Савецкім Саюзе расьлі ў няпоўных сем’ях. У Беларусі ці ня ў кожнага другога малога не было бацькі, які не вярнуўся ці то з фронту, ці з партызанскага атраду, ці са сталінскіх лягераў.

Ліст ад Андрэя і Галіны Літвінчыкаў зь Пінску. Яны, як вернікі мясцовай беларускай грэка-праваслаўнай парафіі, заклапочаныя лёсам свайго адзінаверца Віталя Закаваротняга.

Раней ён працаваў псаломшчыкам Варварынскай царквы, але пазьней працу страціў — як лічаць аўтары ліста, несправядліва, за сваю актыўную пазыцыю і барацьбу за справядлівасьць. У лісьце Андрэй і Галіна пішуць:

“Суд прызнаў звальненьне Віталя незаконным, але далей працаваць у гэтым калектыве ён не захацеў. Цяпер Віталь беспрацоўны, паколькі абедзьве беларускія грэка-праваслаўныя парафіі, якія дзейнічаюць у Пінску, улады адмаўляюцца рэгістраваць.

Пры гэтым многія ведаюць пра розныя непрыгожыя рэчы, якія робяцца ў храмах, якія належаць Маскоўскай патрыярхіі. Але наш КДБ гэта чамусьці не цікавіць. А вось калі Мікалаеўская грэка-праваслаўная парафія падала дакумэнты на рэгістрацыю, дык яго супрацоўнікі не шкадавалі часу — хадзілі ды запалохвалі людзей, якія падпісаліся пад дакумэнтамі аб стварэньні парафіі.

Нас, вернікаў, якія не належаць і ня хочуць належаць да Маскоўскай патрыярхіі, гэта не задавальняе. На нашы скаргі царкоўныя ўлады не адказваюць, а ўлады сьвецкія змагаюцца з парафіямі, не падначаленымі мітрапаліту Філарэту. І што нам застаецца рабіць?”

Вялікую частку ліста я не цытаваў — там, дзе гучаць абвінавачаньні ў крымінальных злачынствах канкрэтных асобаў і ўстановаў. Праверыць усе гэтыя факты, паважаныя слухачы, мы ня маем магчымасьці — трэба зь імі зьвяртацца ў міліцыю ды пракуратуру.

А да пытаньня пра тое, што застаецца рабіць, калі не рэгіструюць царкву і перасьледуюць за рэлігійныя перакананьні… Напэўна — верыць і змагацца за сваю праўду! Для сапраўднай веры адсутнасьць сьценаў і царкоўнай ярархіі — ня самая вялікая перашкода.

20 верасьня ў газэце “Свабода” віленскі журналіст Сяржук Вітушка выказаў некалькі крытычных заўвагаў на адрас нашага радыё:

“На жаль, на нашым радыё так бывае. Раскажуць пра варнянскіх трактарыстаў, якіх звольнілі за забастоўку, а дзе яны цяпер уладкаваліся?.. А ці дабіліся праўды тыя рабочыя, што паехалі ў Польшчу па праграме Каліноўскага, ды іх там падманулі з заробкам?.. Сказаўшы А, хацелася б, каб ужо гаварылі і Б.

Моўная заўвага. Надта ж не шанцуе слову “шахцёр”. Я чуў такія яго варыянты — шахтар, шахтэр. А на мінулым тыдні ад спадара Будкіна з Радыё Рацыя пачуў яшчэ адзін варыянт — шахтор. Засталося яшчэ выпрабаваць формы “шахтур” і “шахтыр”.

А калі сур’ёзна, дык як лепей? Мусіць, пара вылезьці з кабінэцікаў, дзе такія варыянты прыдумляюцца, паехаць у Салігорск і спытацца ў тых рабацягаў, як яны сябе называюць”.

На гэтыя заўвагі журналіста Сяржука Вітушкі адказвае ў сваім лісьце наш слухач Юрай Шпак-Рыжкаў зь Менску:

“Я ня супраць крытыкі. І згодны са спадаром Вітушкам, што не заўжды ў эфіры дачакаесься працягу ці разьвіцьця закранутай аднойчы тэмы — фармат не дазваляе. Але гэта не азначае, што да ранейшых тэмаў радыё не вяртаецца.

Не хацелася б уступаць у палеміку з аднадумцам, але ж мушу сказаць: калі ўзьнікаюць пытаньні — трэба пытацца. Калі мяне цікавіў далейшы лёс праваабаронцы Садоўскай, касьцёлу бэрнардынцаў ці яшчэ чаго цікавага, я не чакаў, калі гэтыя пытаньні задасьць нехта іншы — і тэлефанаваў проста на “Свабоду”. І тая адказ не “заціскала”.

А наконт шахтараў-шахтораў… Яшчэ й мовы няма, а ўжо такая барацьба за яе чысьціню! Давайце ўжо і дыялекты пазьнішчаем. Нібы як “шахтэр”, дык і зразумець нельга. Яшчэ хаты не збудавалі, а ўжо месьці пачынаем”.

Менавіта такія меркаваньні і заўвагі, якія выказалі ў сваёй кароткай завочнай дыскусіі Сяржук Вітушка і Юрай Шпак-Рыжкаў, дапамагаюць нам удасканальваць праграмы.

Лічым, што маюць рацыю і адзін, і другі наш слухач. Абавязак журналіста — вярнуцца празь нейкі час да гучнай тэмы, якой раней надавалася шмат увагі, распавесьці пра лёс герояў некалі актуальнай гісторыі. Звычайна мы так і робім. А калі нешта прапусьцілі — выправімся. Заўсёды рады, калі вы, шаноўныя слухачы, зьвяртаеце на гэта ўвагу.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG