Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

• Сяргей Сямёнаў: “Ганаруся тымі, хто рупіцца пра Беларусь ня словамі, а справамі”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Пасьля некалькіх арыштаў і выключэньняў з унівэрсытэту Сяргей Сямёнаў давучваецца цяпер ва Ўкраіне. Хай і блізкая, суседняя – але іншая краіна. Якімі бачацца адтуль беларускія рэаліі?

Уліцёнак: Вось вы зараз на Ўкраіне. Там, калі глядзіш у Беларусі расейскія тэлеканалы, ну проста раздольле для ваяўнічага нацыяналізму… Адчуваеце яго?

Сямёнаў: Ва Ўкраіне адна дзяржаўная мова. Але калі ты кажаш па-руску, ніхто табе не перашкаджае: размаўляеш – ну і размаўляй. Гэта твая асабістая справа… А вось у Беларусі зусім іншае: некалькі разоў чуў пагардлівае – карыстайся, маўляў, “нормальным языком”!

Уліцёнак: А вас не бянтэжыць, што родная мова становіцца найперш прыкметай палітычна ангажаванага чалавека? Больш за тое – чалавека апазыцыйна скіраванага!

Сямёнаў: Гэта стэрэатыпы. Бо я ведаю шмат беларускамоўных сяброў, якія ня толькі да палітыкі – нават да грамадзкай дзейнасьці ня маюць ніякага дачыненьня.

Уліцёнак: Чым беларускім ганарыцеся там, ва Ўкраіне? Нездарма ж кажуць: вялікае лепш бачыцца на адлегласьці…

Сямёнаў: Ганаруся ўсёй Беларусьсю.

Уліцёнак: За што?

Сямёнаў: За тое, што яна ёсьць, гэтая зямля, якая нарадзіла Васіля Быкава, слуцкіх паўстанцаў, партызанаў “Чорнага ката”, байцоў Беларускай краёвай абароны – людзей, што рупіліся пра будучыню Беларусі ня словамі, а справамі.

Уліцёнак: Што для беларусаў – каштоўнасьць нумар адзін?

Сямёнаў: На мой погляд – мова, культура.

Уліцёнак: І апошняе: грамадзкія ляўры для Сяргея Сямёнава – гэта…

Сямёнаў: Калі буду праяжджаць мяжу і мне дадуць беларускамоўны блянк дэклярацыі. Вось у чым сёньня маё маральнае задавальненьне.

Найцікавейшыя матэрыялы чацьвярга на сайце svaboda.org паводле Сержука Сямёнава

Выйшла кніга пра Аляксандра Казуліна — "Вязень прэзыдэнта
Гомельшчыну наведалі амбасадары краінаў Эўразьвязу
Якія ўмовы чакаюць Андрэй Клімава ў Мазырскай калёніі?
МЗС Беларусі: "Казаць пра дату адкрыцьця офісу Эўракамісіі пакуль дачасна"
Апытаньне "Свабоды": ці пойдзеце на "Эўрапейскі марш"?
XS
SM
MD
LG