Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Славе партыі крылляў не трэба”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 12 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

“Dziennik Wilenski” ў 1907 годзе пад рубрыкай “Навіны” паведамляе: “Нарэшце гарадзкая ўправа перадала ў аддзел будаўніцтва губэрнскага ўраду на зацьвярджэньне праект каналізацыі і водаправоду ў Вільні. Віленскі паліцмайстар выдаў распараджэньне, абы паліцыя зьвярнула пільную ўвагу на тое, каб на шыльдах польскія літары ня былі большыя за расейскія і каб расейскі тэкст ня быў зьмешчаны пад польскім, але абавязкова зьверху. Вялікае ўражаньне ва ўсёй прэсе выклікаў той факт, што ў Бабруйску не знайшлося іншага памяшканьня для выбараў з дробнай уласнасьці, як толькі стайня”.

“За мінулы год Бабруйскі акрсаюз адправіў праз Адэскі Дзяржгандаль у Грэцыю і Турцыю да 100 вагонаў бульбы, — піша ў 1927 годзе “Зьвязда”. — Адпраўленая туды бульба па сваёй якасьці зусім здавальняе зазначаныя краіны, і ў гэтым годзе Адэскі Дзяржгандаль у другі раз купіў у акрсаюзе 50 вагонаў бульбы для усходу... Перадана Белдзяржгандлю для экспарту 500 пуд. сухіх грыбоў. Адгружаецца партыя смарчкоў у Францыю і Нямеччыну. Узмоцнена вядзецца загатоўка журавіны, жолуду і палатна для экспарту за граніцу”.

На старонках “Чырвонай змены” ў 1957 годзе пісьменьнік Алесь Есакоў рэцэнзуе зборнік “Беларускіх народных прыказак і прымавак”: “Надзвычай цікавы ў зборніку раздзел новых прыказак і прымавак. Сучасныя прыказкі і прымаўкі вызначаюцца сваёй ідэйнай завостранасцю, палітычнай накіраванасцю. У іх наяўны публіцыстычны элемент, вобразная сістэма простая і дакладная: “Ленін навучыў і беларус зажыў”, “Славе партыі крылляў не трэба”, “Дзе ўлада народа, там шчасце і свабода”. Якую прыказку і прымаўку са зборніка не вазьмі — кожную хочацца цытаваць, бо ў кожнай адчуваецца глыбокі народны розум, мудрасць, накопленая стагоддзямі”.
XS
SM
MD
LG