Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозе спыненая шкодная вытворчасьць. Але часова


Іна Студзінская, Менск У Бярозе грамадзкасьць дамагаецца спыненьня працы замежнага прыватнага прадпрыемства вытворчасьці гербіцыдаў “Франдэса”. 21 верасьня Бярозаўская раённая інспэкцыя прыродных рэсурсаў часова прыпыніла дзейнасьць прадпрыемства. Працаўнікі пакуль адпраўленыя ў адпачынак за свой кошт. Чым не задаволеныя мясцовыя жыхары, і наколькі небясьпечная “Франдэса”?

Першая чарга замежнага прыватнага прадпрыемства (зь ізраільскім капіталам) выпускала адзін сродак абароны расьлін – гербіцыд “Шквал”, але плянавалася вырабляць яшчэ 5 відаў прэпаратаў. Прычым, вытворчасьць разьмешчаная побач з ракой Ясельдай, рыбгасам “Сялец” і месцам адпачынку гараджанаў – штучным вадасховішчам. “Шквал” выраблялі ў пераабсталяванай кацельнай вэтсануцільзаводу, а адкіды зьліваліся ў гарадзкую каналізацыю. Распавядае адзін з арганізатараў руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

“Няма адназначнага адказу, на якой падставе прадпрыемства прыкрытае, таму што мясцовы выканкам ня ў поўным аб’ёме інфармуе грамадзкасьць. Адны кажуць – ёсьць перабоі з сыравінай, іншыя – дзеля таго, каб была паўторная праверка наконт шкоднасьці. Подпісы, што сабралі, накіраваныя ў розныя міністэрствы. Відавочна, не заўважыць такое супрацьдзеяньне грамадзтва мясцовая ўлада не магла”.

Сыравіну “Франдэса” закупляла ў Кітаі. Сёлета выпусьцілі 420 тысяч літраў гербіцыду. Паводле вэрсіі кіраўніцтва заводу, праца на прадпрыемстве сэзонная, адновіцца ўвесну. Наколькі “Франдэса” экалягічна небясьпечная, я спрабавала высьветліць у Берасьцейскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя:
””Подпісы працягваем зьбіраць, і пакуль людзі не скараюцца.”
“Сапраўды, праца прадпрыемства прыпыненая. Нам пакуль не прадставілі дакумэнты па ахове навакольнага асяродзьдзя. Мы чакаем вынікаў экспэртыз. Што будзе далей, пакуль сказаць не магу, таму што дакумэнтаў пакуль не паступала”.

А жыхары Бярозы, Белазёрску спыняцца не жадаюць, кажа мясцовая актывістка, рэдактарка газэты “Бярозавы венік” Тамара Шчапёткіна:

“У нас 3 тысячы подпісаў супраць “Франдэсы”. Не баяцца людзі пратэставаць. Не я падняла грамадзтва, а людзі да мяне самі зьвярнуліся: “Дапамажыце нам”. Нельга, каб у такім густанаселеным пункце было такое прадпрыемства шкоднае. Мы паслалі звароты амаль ва ўсе міністэрствы, ведамствы і да прэзыдэнта. Ідуць адказы, што, маўляў, “усё нармальна, вас наагул ашчасьлівілі”. Подпісы працягваем зьбіраць, і пакуль людзі не скараюцца”.

• Фаніпаль: гімназісты правялі экалягічны экспэрымэнт, 9.03.2007 • Якія пахі вітаюць у паветры беларускіх гарадоў?, 13.11.2006
XS
SM
MD
LG