Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з VIP пойдзе на Эўрапейскі марш?


Іна Студзінская, Менск 14 кастрычніка ў Менску адбудзецца Эўрапейскі марш. Карэспандэнт Свабоды цікавіўся, ці зьбіраюцца ў ім удзельнічаць вядомыя асобы.

Лявон Вольскі: “Трэба знаходзіць новыя формы працы з народам”

“У мяне гэты дзень заняты, на жаль. Я рэкамэндую ісьці, напэўна, тым, хто не баіцца, што яго замятуць. Але, зь іншага боку, ёсьць ужо пэўная традыцыйнасьць у гэтым маршруце – ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, і зноў там будуць нейкія прамовы. Я лічу, што нейкія новыя формы трэба знаходзіць апазыцыі працы з народам. Трэба нешта думаць”, – кажа Лявон Вольскі, лідэр рок-гурту “N.R.M”.

Алена Скрыган: “Я лічу, што ідэя добрая”

Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган на Эўрапейскі марш абавязкова пойдзе:

“Ідэя Эўрапейскага маршу заключаецца ў тым, каб беларускі народ яшчэ раз пачуў тыя патрабаваньні, якія Эўропа вылучыла да беларускага ўраду і тыя прапановы, якія Эўропа зрабіла беларускаму народу. У тым ліку, прапановы і па экалёгіі, і па працоўных месцах, па камунікацыях. Я лічу, што ідэя добрая”.

Аляксандар Вайтовіч: “Лепш ладзіць сацыяльныя маршы”

Экс-старшыня Савету Рэспублікі, экс-прэзыдэнт Акадэміі навук, прафэсар Аляксандар Вайтовіч лічыць, што найбольш важныя зараз не палітычныя акцыі, а сацыяльныя:

“У мяне спраў вельмі многа: жонка ў шпіталі ляжыць, дома сам усё раблю. Таму я нікуды не пайду. Неяк стаўлюся да маршу неадназначна. Трэба было б перш-наперш зладзіць марш, прысьвечаны сацыяльным пытаньням, такім, як адмена льгот. Я зьдзіўлены, што ня робяць такіх мерапрыемстваў для шырокага кола насельніцтва, для тых людзей, якія, магчыма, не актыўныя ў палітыцы”.

Юры Сівакоў: “Мяне ж у Эўропу не пускаюць”

Экс-міністар унутраных спраў, экс-міністар спорту і турызму генэрал Юры Сівакоў выказаўся так:

“Я зараз ад усіх гэтых палітычных пытаньняў настолькі далёкі, гэтым абсалютна не цікаўлюся. Тым больш ніякіх намераў удзельнічаць у гэтай акцыі ня маю. Тым больш, мяне ж у Эўропу не пускаюць, вы ж ведаеце.

Карэспандэнтка: “А вы з гэтай нагоды перажываеце?”

Сівакоў: “Ды не. Я ўжо адаптаваўся да ўсяго і асабліва не перажываю, асабліва па тых пытаньнях, якія ад мяне не залежаць”.

Аляксей Марачкін: “Колькі можна баяцца?”

Мастак Аляксей Марачкін заўсёды ў першых шэрагах палітычных акцыяў:

“Пайду, так што 14-га мяне можна будзе ўбачыць у сквэры Янкі Купалы, а далей будзе відаць, куды мы будзем крочыць. Мы крочым у Эўропу, мы самі эўрапейцы, так што выбару няма, ідзем эўрапейскім шляхам. А што тут баяцца? Колькі можна баяцца? Мы – людзі свабодныя, вольныя і павінны, ва ўсялякім разе, імкнуцца да гэтага А інакш навошта тады жыць?”

• Ці пачнецца пасьля “Эўрапейскага маршу” дыялёг уладаў і апазыцыі?, 11.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG