Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сярод беларусаў дасюль няма Нобэлеўскіх ляўрэатаў?


Віталь Цыганкоў, Менск Сёньня будзе абвешчаны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Чаму дагэтуль грамадзянам Беларусі не ўдавалася атрымаць Нобэлеўскую прэмію? Наколькі гэта важна для нацыянальнага самаўсьведамленьня? Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў агутарыць з філёзафам Валянцінам Акудовічам.

Цыганкоў: “У чацьвер 11 кастрычніка ў Нобэлеўскім інстытуце ў Осла быў абвешчаны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Ім стала брытанская раманістка Дорыс Лэсінг. Азін з кандыдатаў, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін зноў застаўся без узнагароды. Сёньня будзе абвешчаны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Сярод прэтэндэнтаў на прэмію міру і два беларусы: кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі. Але будзем рэалістамі: шанцаў у іх няшмат. Што павінна здарыцца ў сьвеце і ў Беларусі, каб грамадзянін Беларусі атрымаў Нобэлеўскую прэмію. І калі гэта можа здарыцца?”

Акудовіч: “Калі коратка, дык гэта здарыцца тады, калі мы самі паверым, што нашыя людзі вартыя самых высокіх узнагародаў. Пакуль ані кандыдаты, ані грамадзтва, ані ўсе мы разам ня верым, што наш чалавек атрымае Нобэля.

У нас у галовах сядзіць зьніжаны вобраз беларуса – “пан касы і сахі”, “дзіця балот, хмызоў” і гэтак далей – і таму мы ня можам сабе ўявіць, як пад гэтым нізкім шэрым небам можа нарадзіцца чалавек, варты такой высокай узнагароды”.

Цыганкоў: “Ці не таму выхадцы з Беларусі якраз дасягаюць чагосьці за межамі Беларусі – на Ўсходзе альбо на Захадзе?”

Акудовіч: “Менавіта так. Гэта падкрэсьлівае, што насамрэч у нас хапае вялікіх людзей, якія робяць вялікія справы, і яны вартыя быць упісаныя ў каталёг самых знакамітых людзей сучаснасьці.”

Цыганкоў: “У сьвеце звыш 200 краінаў, а сваіх нобэлеўскіх ляўрэатаў маюць толькі некалькі дзясяткаў. Краіны Балтыі і Ўкраіна таксама пакуль ня маюць сваіх пераможцаў. Можа, ня варта так і пераймацца? Ці варта, бо гэта азначае ўваходжаньне ў нейкую “вышэйшую лігу?”

Акудовіч: “Ведаеце, пераймацца з гэтай нагоды нам вельмі патрэбна. Бо якраз для таго, каб адчуць сябе паўнавартаснай нацыяй, нам быў бы вельмі да месца Нобэлеўскі ляўрэат. Напрыклад, ангельцам, адным пераможцам больш – адным менш, і гэта нічога не дадае да іхняга іміджу. Але для нас гэта надзвычай істотна. Гэта значыць, што праз Нобэля сусьветная супольнасьць прызнае нас як паўнавартасную нацыю.”

• Рыгор Барадулін паспрабуе нобэлеўскага шчасьця наступным разам, 11.10.2007 • Нобэлеўскі ляўрэат-2007 - Дорыс Лэсінг, 11.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG