Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ёсьць разьмеркаваньне, то ці ёсьць бясплатная адукацыя?


Алесь Дашчынскі, Менск У беларускіх судох разглядаюцца дзясяткі справаў адносна выпускнікоў вышэйшых навучальных установаў, якія не зьявіліся на месцы разьмеркаваньня або адпрацавалі там меней за два вызначаныя законам гады. Чаму дае збоі сыстэма абавязковага разьмеркаваньня студэнтаў? Калі ёсьць разьмеркаваньне, то ці ёсьць бясплатная адукацыя?

Паводле зьвестак Міністэрства адукацыі Беларусі, за 2006 год толькі з пэдагагічных навучальных установаў 23 справы былых выпускнікоў разглядаюцца цяпер у судох. Гэтыя выпускнікі мусяць заплаціць дзяржаве за навучаньне, бо не прыбылі на вызначанае ім дзяржавай месца працы. А падрыхтоўка пэдагогаў каштуе да 18 мільёнаў рублёў.

Прадстаўніца міністэрства Зоя Южык сказала:

“У адпаведнасьці з палажэньнем вышэйшыя навучальныя ўстановы ў тым выпадку, калі выпускнік ня ўнёс гэтых сродкаў у добраахвотным парадку ў 6- месячны тэрмін, накіроўваюць справу ў суд. Выпускнік атрымлівае і загад установы адукацыі, і разьлік сумы затрачаных сродкаў на яго падрыхтоўку. Калі ён у 6-месячны тэрмін не вярнуў добраахвотна гэтых сродкаў, тады справа накіроўваецца ў судовыя органы”.

“Пастановы, што ён абавязаны вярнуць грошы, не было”

Адной з такіх справаў цяпер займаецца адвакат Дзьмітры Чарных. Выпускнік ВНУ адпрацаваў па месцы разьмеркаваньня адзін год. Аднак з-за канфлікту з адміністрацыяй быў звольнены. Цяпер навучальная ўстанова патрабуе, каб ён аплаціў за год навучаньня – каля 16 мільёнаў рублёў – і судовыя выдаткі. Калі гэтыя грошы ня будуць выплачаныя, то судовы выканаўца пачне апісваць маёмасьць. Выплаціць сродкі прымушаюць на аснове пастановы ўраду аб вяртаньні ў бюджэт сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага, службоўца ці спэцыяліста. Адвакат зьвяртае ўвагу, што гэтая пастанова выйшла пры канцы 2006 году, ужо пасьля разьмеркаваньня ягонага падабароннага:

“Фактычна яго абавязалі выплаціць тыя грошы згодна з пастановай, якая, атрымліваецца, мае зваротную сілу. Насамрэч ніякі нарматыўны акт зваротнай сілы ня мае. Фактычна на момант яго разьмеркаваньня была толькі пастанова, што ён абавязаны адпрацаваць, а пастановы, што ён абавязаны вярнуць грошы, не было”.

“Прыгоннае права атрымліваецца”

Адзін з выпускнікоў, які не захацеў называць свайго імя, апавёў, што трапіў па разьмеркаваньні на месца студэнта, які вучыўся па адмысловым накіраваньні. Аднак ва ўстанове сказалі, што ня маюць патрэбу ў спэцыялісту:

“Проста атрымліваецца, што я пайшоў па разьмеркаваньні на прадпрыемства, якое не зацікаўленае ў маёй кандыдатуры. Я проста не зьявіўся туды, і яны напісалі ліст ва ўнівэрсытэт, зь яго мне прыйшоў адказ, што да пэўнага тэрміну я павінен сплаціць грошы, якія былі затрачаныя на маё навучаньне. Там больш за 15 мільёнаў беларускіх рублёў. Да сакавіка 2008 году”.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева кажа, што любы студэнт мусіць адпрацаваць дзяржаўныя грошы. І яна не пагаджаецца, што адукацыя ў Беларусі бясплатная:

“Як гэта бясплатная? Калі студэнт паступіў на бюджэт, то за яго плаціць дзяржава, гэта нашы падаткі, падаткаплатнікаў. Вядома, гэтаму маладому спэцыялісту хацелася б застацца ў Менску, пайсьці ў нейкую прыватную клініку. А хто сёньня будзе ў сельскай мясцовасьці людзей лекаваць і вучыць?!”

Адзін з выпускнікоў кажа, што нямногія студэнты з ахвотай едуць па разьмеркаваньні:

“У прынцыпе гэтым парушаецца артыкул канстытуцыі пра бясплатную адукацыю. Што значыць бясплатная, калі трэба адпрацоўваць?! Адпрацоўка – гэта ўжо, атрымліваецца, падразумяваецца нейкая аплата. Прыгоннае права атрымліваецца. Я калі прыйшоў у арганізацыю, дзе мусіў адпрацаваць гэтыя два гады, на мяне адразу ж паглядзелі, як сапраўды на прыгоннага такога чалавека і кажуць: “Ты знаходзісься ў нашым распараджэньні...”

Калі ў канстытуцыі запісана, што адукацыя бясплатная, яна фінансуецца з бюджэту, у які мае бацькі пераводзяць 9 адсоткаў свайго заробку, каб я меў магчымасьць бясплатна атрымаць адукацыю. Тут атрымліваецца, што мае бацькі заплацілі падаткі як трэба, а цяпер мяне зноў просяць заплаціць. Атрымліваецца, я аплачваю адукацыю другі раз”.

“На нашу думку, калі ёсьць разьмеркаваньне, то гарантаваная канстытуцыяй бясплатная адукацыя не існуе”

Беларускі Хэльсынскі камітэт падрыхтаваў запыт у Канстытуцыйны суд адносна разьмеркаваньня і бясплатнай адукацыі. Сябра БХК Тацяна Гацура тлумачыць:

“На нашу думку, калі ёсьць разьмеркаваньне, то гарантаваная канстытуцыяй бясплатная адукацыя не існуе. Бясплатная адукацыя гарантаваная канстытуцыяй. І на нашу думку, тое, што ёсьць разьмеркаваньне, што ты павінен адпрацаваць, гэта ты як бы плаціш за сваю адукацыю. І таму гэтая норма канстытуцыі проста не выконваецца. Закон аб адукацыі, разьмеркаваньне супярэчаць канстытуцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG