Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачнецца пасьля “Эўрапейскага маршу” дыялёг уладаў і апазыцыі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: cтаршыня аргкамітэту “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч і палітоляг Юры Чавусаў.

Менгарвыканкам дазволіў правесьці “Эўрапейскі марш” 14 кастрычніка. Як можна пракамэнтаваць гэтае рашэньне ўладаў? Чаму затрымліваюць апазыцыянэраў? Ці маюць улады пэўную тактыку датычна апазыцыі?

Чаму дазволілі “Эўрапейскі марш”?

Валер Карбалевіч: “У дазволе ўладаў на правядзеньне “Эўрапейскага маршу”, здаецца няма нічога незвычайнага. Апошнія гады ўлады звычайна дазвалялі іншыя буйныя акцыі апазыцыі — на Дзень Волі, “Чарнобыльскі шлях”, але пры гэтым зьмянялі месца збору, маршрут шэсьця, скіроўваючы яго на плошчу Бангалор.

Але цікава, што паўтара тыдня таму ўлады не дазволілі правесьці пікеты ў абарону сацыяльных правоў. З 458 заявак у краіне задаволілі толькі тры. Не дазволілі правесьці пікеты нават на плошчы Бангалор.

Больш за тое, міліцыя правяла цэлую спэцапэрацыю — хадзілі па кватэрах заяўнікаў і патрабавалі пісьмова адмовіцца ад правядзеньня пікетаў і агітацыі ў падтрымку “Сацыяльнага маршу”.

Чым вы тлумачыце такія дзеяньні ўладаў?”

Віктар Івашкевіч: “Пагаршаецца эканамічнае становішча ў краіне. Прычым, улады разумеюць, што ёсьць тэндэнцыя да пагаршэньня ў наступным годзе.

Улады ня хочуць нічога мяняць у дзяржаве, хочуць захаваць сваю ўладу ў поўным аб’ёме. Але адначасова яны хочуць атрымаць мільёны даляраў ад эканамічных дачыненьняў з Эўропай.

Таму ўлады мусяць нешта дазваляць празь “не хачу” пад ціскам Эўразьвязу. Хоць усё нутро іх імкнецца да ранейшай схемы ціску на апазыцыю.

Адсюль і хаатычнасьць дзеяньняў. З аднаго боку, дазваляюць “Эўрапейскі марш”, а зь іншага боку, працягваюць рэпрэсіі. Запрашаюць арганізатараў маршу на перамовы ў гарвыканкам, а пры выхадзе аднаго зь іх арыштоўваюць.

Гэты хаос у паводзінах уладаў вынікае з таго, што ўся сыстэма скіраваная на рэпрэсіі. І загаду спыніць рэпрэсіі няма. Таму і такі разнабой у дзеяньнях улады”.

Юры Чавусаў: “Эўрапейскі марш”, адрозна ад нядаўніх пікетаў у абарону сацыяльных правоў, меў большую падтрымку Эўразьвязу. Гэтым тлумачыцца большая лагоднасьць да “Эўрапейскага маршу”.

Другая прычына такога рознага стаўленьня да розных акцыяў палягае ў тым, што ўлады цяпер баяцца сацыяльнай тэматыкі больш, чым ідэалягізаванай праэўрапейскай тэматыкі. Таму і дазволілі “Эўрапейскі марш”.

Карбалевіч: “А, можа, тут усё прасьцей тлумачыцца? Пікету лёгка перашкодзіць. А вось калі на “Эўрапейскі марш” прыйдзе вялікая колькасьць людзей, то іх проста так не разгоніш.

Таму, магчыма, тут дзейнічае такая лёгіка: калі яны ўсё роўна зьбяруцца, то лепш дазволіць і скіраваць іх пэўным маршрутам — на тую ж плошчу Бангалор”.

Чавусаў: “Пабачым, ці дазволяць правесьці “Сацыяльны марш”. Паводле маштабаў акцыі аднолькавыя, а паводле зьместу, лёзунгаў — розныя. І можна сказаць, што тактыка апазыцыі ісьці двума маршамі дастаткова разумная”.

Чаму затрымліваюць апазыцыянэраў перад акцыяй?

Карбалевіч: “Як звычайна (так робяць апошнія два гады), напярэдадні вулічных акцыяў міліцыянты пачалі затрыманьні й арышты апазыцыйных актывістаў. Найбольш актыўныя чамусьці тут улады рэгіёнаў.

Вось на гэты час найбольш інфармацыі з гэтай нагоды прыходзіць з Гомелю і Горадні. Гледзячы па ўсім, чым бліжэй да “Эўрапейскага маршу”, тым болей будзе арыштаў. Як можна гэта пракамэнтаваць?”

Івашкевіч: “Задача ўладаў — паменшыць колькасьць удзельнікаў маршу. Можна меркаваць, улады маюць інфармацыю, што людзей прыйдзе шмат. Калі б яны лічылі, што іх прыйдзе мала, то, як з тымі пікетамі, забаранілі б, затрымалі.

Арышты ў рэгіёнах патрэбныя, каб напалохаць людзей, каб яны ня ехалі ў Менск на марш. Але, думаю, маштаб рэпрэсіяў ня будзе такім, як напярэдадні 19 сакавіка 2006 году ці 25 сакавіка 2007 году, калі колькасьць арыштаў ішла на дзясяткі й сотні. Бо іншая сытуацыя ў дачыненьнях з Эўразьвязам”.

Чавусаў: “Я не пагадзіўся б з тым, што гэтымі арыштамі ўлады імкнуцца паменшыць колькасьць удзельнікаў маршу. Небясьпека маршу для ўладаў — ня ў колькасьці ўдзельнікаў.

Гэтыя рэпрэсіі, асабліва ў рэгіёнах — звыклая мадэль паводзінаў уладаў напярэдадні значных грамадзка-палітычных падзеяў. Улады дзейнічаюць паводле загаду, бо яго не адмянілі. У Менску яшчэ можна адкруціць.

Вось спадара Івашкевіча то затрымліваюць, то адпускаюць. У рэгіёнах рэгуляваць старую схему складаней. Таму цяпер арыштоўваюць тых, каго звычайна арыштоўваюць перад масавымі акцыямі”.

Івашкевіч: “Ёсьць сьпісы тых, каго трэба арыштоўваць, якія склалі яшчэ два гады таму”.

Ці маюць улады тактыку ў дачыненьні да апазыцыі?

Карбалевіч: “Лідэры апазыцыі імкнуцца ператварыць “Эўрапейскі марш” у чыньнік, які зьменіць палітычную атмасфэру ў краіне, у пачатак дыялёгу паміж уладамі й апазыцыяй.

Дзеля гэтага накіравалі ліст намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч. Але тая адказала фармальнай адпіскай. Гэта азначае, што ні да якога дыялёгу з апазыцыяй сёньня ўлады не гатовыя.

Ці ёсьць увогуле ў іх нейкая зразумелая калі не стратэгія, то тактыка ў дачыненьні да апазыцыі? Якая тут лёгіка?”

Івашкевіч: “Памяняць паводзіны ўладаў можа эканамічны крызіс. Пакуль дзейнічае старая праграма. Але ў яе залез вірус няўпэўненасьці. Сёньня ўлады разгубленыя. Большасьць кіроўных чыноўнікаў пакуль лічыць, што мо “само ўсё рассасецца”.

Гэтым годам сытуацыя зьмянілася ў тым сэнсе, што падзеі ініцыюе апазыцыя, а ўлада рэагуе. Раней было наадварот. Зьвярніце ўвагу, афіцыйная прапаганда нічога ня кажа пра “Эўрапейскі марш”.

Зімоўскі заявіў, што “Эўрапейскі марш” — гэта не гламурна. Калі згадаць, што раней нас аблівалі памыямі, тут адчуваецца разгубленасьць уладаў. Ранейшая сыстэма дае збоі, новай не прыдумана”.

Карбалевіч: “Любая контрапрапаганда ў той жа час ёсьць і рэклямай. Таму ўлады вырашылі маўчаць пра “Эўрапейскі марш”. Спадар Івашкевіч, вы чакалі прыкладна такога адказу ад спадарыні Пяткевіч?”

Івашкевіч: “Я лічыў, што існуе 30% шанцаў на тое, што яна пагодзіцца сустрэцца з прадстаўнікамі апазыцыі. Але хачу заўважыць, што спадарыня Пяткевіч дала афіцыйны адказ, прапанаваўшы зьвяртацца ў Менгарвыканкам. Раней на такія лісты ніхто ніякіх адказаў не даваў”.

Карбалевіч: “Так, сапраўды, ні Лукашэнка ня даў адказу на зварот Мілінкевіча, ні Сідорскі не адказаў на ліст Лябедзькі”.

Чавусаў: “Так, цяпер улада вымушаная рэагаваць на выклікі, якія робіць апазыцыя. Кіраўніцтва Беларусі лічыла, што дастаткова будзе сказаць у Брусэлі пра жаданьне супрацоўнічаць з Эўразьвязам — і можна будзе атрымаць эўрапейскія крэдыты.

Але высьветлілася, што дзеля гэтага трэба пачаць рабіць крокі да дэмакратызацыі. І ўлады разгубіліся. Няма вызначанай тактыкі, ёсьць хістаньні з боку ў бок”.

Карбалевіч: “Такім чынам, усе абставіны, зьвязаныя з “Эўрапейскім маршам”, стануць тэстам на гатоўнасьць уладаў мяняць сваю палітыку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG