Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жаночую партыю “Надзея” ліквідавалі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай жаночай партыі “Надзея”. Судзьдзя Ігар Мільто ў сваім рашэньні спаслаўся на тое, што партыя сыстэматычна парушала дзейнае заканадаўства. Лідэр “Надзеі” Алена Яськова назвала рашэньне “палітычна матываваным”.

Агучваючы рашэньне, судзьдзя Ігар Мільто пералічваў парушэньні закону з боку жаночай партыі: у прыватнасьці, “Надзея” ня мае юрыдычнага адрасу, далёка ня ўсе суполкі і філіі стаяць на ўліку ў рэгіянальных уладных структурах, партыя займалася дзейнасьцю па-за межамі тэрыторыі Беларусі.

Менавіта паездка ў Чарнігаў, дзе летась у сьнежні праходзіў устаноўчы сход “Саюзу левых партыяў” з удзелам прадстаўнікоў “Надзеі”, на думку Алены Яськовай, і стала галоўнай прычынай закрыцьця партыі:

“Судзьдзя Вярхоўнага суду спадар Бабкоў прыпыніў справу аб разглядзе скаргі заснавальнікаў “Саюзу левых партыяў” на адмову ў рэгістрацыі такога саюзу да разгляду справы аб ліквідацыі партыі “Надзея”. То бок гэтыя два працэсы ўзаемазьвязаныя”.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган прысутнічала на гэтым судовым працэсе. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі пераважна зьвярталіся да фактаў пяці- і нават сямігадовай даўнасьці.

Алена Скрыган гаворыць, чым гэта выклікана:

“Калі б былі падставы за гэты год для ліквідацыі партыі “Надзея”, дык яны былі б прадстаўленыя. Але такіх падставаў няма, і таму міністэрства зьбірае ўсё, што ёсьць. Яно абапіраецца не на закон аб палітычных партыях, а на Грамадзянскі кодэкс. Нам здаецца, што так не павінна быць, паколькі новая рэдакцыя закону аб палітычных партыях была прынятая пазьней за Грамадзянскі кодэкс. Зморам бяруць, як кажуць. Няма фактаў, на змор бяруць”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Ўладзімер Навасяд, камэнтуючы рашэньне Вярхоўнага суду, дадае, што ўжо пяты год бяз усякага посьпеху спрабуе зарэгістраваць у Міністэрстве юстыцыі Партыю свабоды і прагрэсу:

“У краіны Беларусь вельмі прыгожае жаночае імя – Беларусь. І ня дзіўна, што ў жаночай партыі цягам прыкладна апошніх дзесяці гадоў высокі рэйтынг адносна іншых палітычных партыяў. Таму відавочна, што патрэбна нанесьці ўдар па структуры, якая трымае свой сьцяг і ўвесь час адказвае на лісты зь Міністэрства юстыцыі. Дарэчы, калі мы апошні раз спрабавалі рэгістраваць сваю партыю, дык у нас дадаткова запрасілі 760 аркушаў паперы. А калі мы іх прынесьлі ў міністэрства, дык нам параілі накіраваць іх праз пошту. Вось так ставяцца да палітычных партыяў і грамадзянскіх ініцыятываў у нашай краіне”.

У судзе “Надзея” запатрабавала дзяржаўных гарантый 09.10.2007.
XS
SM
MD
LG