Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы кінаагляд ад Максіма Жбанкова


Радыё Свабода

Калі б мне раней сказалі, што я буду шчыра ўзрушаны фільмам пра махляроў – ніколі б не паверыў. Але факт: нямецкая стужка «Фальшываманэтчыкі» захапляе з першых кадраў і да фіналу. Акрэсьліць жанр фільма Стэфана Рузавіцкага даволі складана: гэта рэтра-драма з прысмакам трагічнага габрэйскага гумару. Што выглядае, дарэчы, цалкам натуральна. Бо падзеі адбываюцца ў канцлягеры Заксенгаўзен, дзе габрэі-рэцыдывісты побач з габрэямі-камуністамі вымушаны падрабляць фунты ды даляры дзеля патрэб Трэцяга райху. Дзіўна, але фільм пра лягерныя пакуты абсалютна пазбаўлены патасу і палітычнай ангажаванасьці. Гэта нейкі новы падыход да рэчаў: на першым пляне не канфлікт ідэалёгіяў, а асабісты чалавечы выбар. Галоўны герой – найлепшы падробнік грошай ў сьвеце Саламон Саровіц. Ён не змагаецца з рэжымам. Ён ратуе ад сьмерці хлапцоў са сваёй брыгады. Бо калі будзе сабатаж – усіх папросту заб''юць. Махляр Саровіц больш гуманны за нацыстаў і камуністаў. Бо ён цьвёрда ведае: сьмерць за ідэю – гэта самы просты варыянт. Але далёка не найлепшы.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – амэрыканскі фільм «Пяцёра невядомых». Пяцёра мужыкоў прачынаюцца побач адно з адным. Першы паранены, другі зьвязаны дротам, трэці прыкаваны да поручняў… І ніхто не памятае хто ён – злачынец альбо закладнік. Рэжысэр Сайман Брэнд паспрабаваў распавесьці нам пра мужчынскія разборкі ў абмежаванай прасторы. Але гэта ўсё было раней – варта ўзгадаць напрыклад «Шалёных сабакаў» Тараціны. У фільме ёсьць цікавыя моманты, але агульны вынік несуцяшальны – ні стылю, ні драйву.

А зараз -- мой асабісты выбар гэтага тыдня. Чарговае музычнае адкрыцьцё. Шыкоўная парыжанка Джэйн Біркін амаль усё жыцьцё сьпявала тое, што для яе пісаў Сэрж Гэйнсбур, галоўны мужчына яе жыцьця. Потым запісала дыск арыгінальных альянсаў з элітай сусьветнай поп-музыкі. І зрабіла пра гэта фільм. Фільм «Рандэву з Джэйн» не складанка кліпаў і не дакумэнтальнае кіно пра зорнае жыцьцё. Хутчэй за ўсё, гэта падарожныя нататкі сьпявачкі, якая лётае ў пошуках натхненьня паміж Парыжам і Лёнданам. Прыгожа, настраёва, кранальна.
XS
SM
MD
LG