Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 11 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

У суполцы by_politics публікуюць заяву некаторых сяброў такіх грамадзка-палітычных ініцыятываў, як “Трэці шлях”, “Вока”, “Бунт”. У тэксьце гаворыцца пра нязгоду з рашэньнем арганізатараў “Эўрапейскага маршу” ісьці 14 кастрычніка па дазволеным уладамі маршруце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Аўтары згаданай заявы заклікаюць сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і рушыць праспэктам Незалежнасьці да Нацыянальнай бібліятэкі. Камэнтары:

“Калі меркаваць па аб’ёме жарсьцяў, якія разьдзімаюцца, усё скончыцца пшыкам”;

“У перакладзе на чалавечую мову гэта значыць: “Гайда атрымліваць па галаве! Потым усім раскажам, як нас крыўдзіў злы рэжым!”;

“Супэр! Калі за гэтымі моцнымі арганізацыямі 14-га пойдзе шматмільённы натоўп, я буду пляскаць у далоні”.

На сайце “Нашай Нівы” абмяркоўваюць заяву Аляксандра Мілінкевіча пра тое, што 14-га кастрычніка на “Эўрапейскі марш” спачатку ён прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу, а адтуль пойдзе на Бангалор, бо толькі там – у дазволеным месцы – могуць выступаць прадстаўнікі Эўразьвязу, і што яму вельмі важна пачуць іх словы. Камэнтары:

“Зручнае апраўданьне”;

“Мужчына не выканаў абяцаньня, якое даў публічна (не хадзіць на Бангалор), і пры гэтым прэтэндуе на ролю агульнанацыянальнага лідэра”;

“Няма ў нас іншых лідэраў. Папросту фізычна няма”.

На інфармацыйным сайце Хартыі’97” зьмешчаны відэазварот вядомага брытанскага драматурга Тома Стопарада. Напярэдадні “Эўрапейскага маршу” Том Стопард гаворыць пра тое, што стагнацыя ня можа быць вечнай, і выказвае спадзеў, што Беларусь даведаецца, што такое росквіт. Драматург напрыканцы прамовіў па-беларуску: “Жыве Беларусь!”

agafon_bel піша ў сваім дзёньніку пра горад Любань: “Сёньня адводзіў у садок сына і зьдзівіўся, калі пачуў, як выхавацелька вучыць дзетак беларускай мове. (...) Высьветлілася, што ў нас адбылася раённая пэдагагічная нарада, дзе прынялі рашэньне ўсе дзіцячыя садкі гораду і раёну перавесьці на беларускую мову навучаньня. Гэта паўсюль так ці ў нас новы мэр ініцыятыву праявіў?” Камэнтары:

“Навіна выдатная! Але дзіўная ініцыятыва мэра”;

“Няўжо дзяржаўная ідэалёгія зьмянілася? Дзіўна ўсё гэта”.

У блогу лідэра гурту “N.R.M” Лявона Вольскага наведнікі дзеляцца ўражаньнямі ад прэзэнтацыі альбому “06”. Імпрэза ладзілася ў менскім клюбе “Фартуна” 10 кастрычніка. Адзін з водгукаў:

“Малайцы! Далі чаду :). Так шчыра ў вас атрымалася: “Класны гурт, праўда?” Класны :) Гук файна быў адладжаны, вельмі падобны да таго, што на кружэлцы. Цікава апргрэйдзілі некаторыя песьні. Асабліва “Дастала!” Яна ўвогуле прапісала))) І са стылем вопраткі разабраліся, бо асабліва Вы, Лявон, у гэтым пляне часьцяком “жжоце” :)”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG