Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Эўракамісіі азнаёмілася з становішчам у Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршыўся тэхнічны візыт дэлегацыі Эўрапейскай камісіі на чале з кіраўніком аддзелу Ўкраіны, Малдовы і Беларусі генэральнага дырэктара зьнешніх сувязяў Эўракамісіі Гільдэ Гардэман. Падчас сустрэчаў дэлегацыя цікавілася сытуацыяй у Беларусі перад Эўрапейскім маршам.

Дэлегацыя правяла сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта, міністэрства замежных справаў, грамадзянскай супольнасьці, а таксама краін Эўразьвязу і міжнародных арганізацый. Цікавіла іх выкананьне афіцыйным Менскам 12 палітычных умоваў Эўразьвязу і, між іншым, становішча мэдыяў у Беларусі.

Паводле прэсавага сакратара беларускага МЗС Андрэя Папова, з дэлегацыяй сустрэўся намесьнік міністра замежных справаў Валеры Варанецкі:

“Яны абмеркавалі шырокае кола пытаньняў, якія тычацца стасункаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскай камісіяй. Пытаньне адкрыцьця офіса Эўрапейскай камісіі па ранейшаму праходзіць унутрыдзяржаўны працэс узгадненьня”.

Паводле прадстаўніка МЗС, казаць пра дату адкрыцьця офісу пакуль дачасна.

Сябра АГП Яраслаў Раманчук перадаў ліст ад лідэраў дэмакратычных партый з прапановай вышэйшаму прадстаўніку Эўразьвязу ў пытаньнях бясьпекі Хавіеру Саляну ўзначаліць аргкамітэт па правядзеньню ў наступным годзе канфэрэнцыі па Беларусі. На ёй мяркуецца абмеркаваць становішча ў краіне перад парлямэнцкімі выбарамі.

Спадар Раманчук сказаў:

“Мы атрымалі запэўніваньні таго, што Эўрапейскі зьвяз лічыць недапушчальным такі ціск і рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці напярэдадні Эўрапейскага маршу”.

З прадстаўнікамі Эўракамісіі сустрэўся таксама каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў:

“Мы казалі пра сытуацыю напярэдадні Эўрапейскага маршу, бо да маршу цяпер ёсьць вялікая цікавасьць з боку эўраструктураў. Мы ведаем, што і прадстаўніца камісіі Бэніта Фэрэра-Вальднэр рабіла заявы і высокі прадстаўнік ЭЗ Саляна. І яны спадзяюцца, што тут адбудзецца мірная акцыя і ўлады зразумеюць, што толькі такім шляхам можна рухацца да паляпшэньня стасункаў з Эўропай. Але ж напярэдадні акцыі адбываецца тое, што мы ўжо бачылі, арышты актывістаў па сьпісах, вельмі нахабна, цынічна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG