Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анатоль Лябедзька: "Нашая эўрапейскасьць павінна праяўляцца штодзённа"


Юрась Бушлякоў, Прага У праграме "Начная Свабода" пра заплянаваны на 14-га кастрычніка ў Менску "Эўрапейскі марш" разважае адзін з заяўнікаў гэтай акцыі, лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Бушлякоў: ) "Менскія гарадзкія улады дазволілі правесьці 14-га кастрычніка ў Менску "Эўрапейскі марш" ад будынку прэзыдыюму Акадэміі навук да плошчы Бангалор і мітынг у парку Дружбы народаў. Сьпярша арганізатары мелі намер сабрацца на Кастрычніцай плошчы і адтуль прайсьці галоўным праспэктам сталіцы да будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак ўлады не пагадзіліся на заяўлены варыянт і прапанавалі іншы маршрут. Анатоль, вас, як аднаго з заяўнікаў, зьмена маршруту не расчаравала?"

(Лябедзька: ) "Асабіста мяне гэтая прапанова не задавальняе, але ёсьць пазыцыя аргкамітэта".

(Бушлякоў: ) "Ці пагадзіліся б вы з такой думкай, што ўлады не пакінулі арганізатарам іншага выйсьця, як прыняць маршрут да плошчы Бангалор?"

(Лябедзька: ) "Выбар заўсёды застаецца, і гэтая сытуацыя не выключэньне. Я асабіста прыйду на Кастрычніцкі пляц і адтуль з многімі-многімі людзьмі, я думаю, мы пройдзем да Акадэміі навук, а там ужо можна будзе прымаць рашэньні і ісьці на месца правядзеньня мітынгу".

(Бушлякоў: ) "Рух супраціву "Бунт" выступіў з заявай, у якой вельмі крытычна адрэагаваў на пазыцыю арганізатараў "Эўрапейскага маршу". Я працытую фрагмэнт з гэтай заявы: "Мала таго, што апазыцыя пайшла на ганебны і няўчасны "дыялёг з уладамі" (які пакуль праяўляецца адно што ў выглядзе турмаў, зьбіцьця, выгнаньня з унівэрсытэтаў для дзесяткаў актывістаў супраціву), мала таго, што партыйныя лідэры абралі абсурдную мэту правядзеньня акцыі -- прызнавацца ў любові да Эўразьвязу ў той час, калі ў краіне пануе дыктатура і нішчыцца ўсё нацыянальнае, дык цяпер яны цалкам граюць па правілах гэтай дыктатуры". Што б вы маглі адказаць на такую рэакцыю?"

(Лябедзька: ) "Розныя пункты гледжаньня маюць права на існаваньне. Разам з тым, я ня ведаю, дзе знаходзяцца заяўнікі гэтай пазыцыі "Бунта", але ведаю, дзе мае калегі па Аб''яднанай грамадзянскай партыі -- Юрась Істомін, Зьміцер Слуцкі, Васіль Палякоў ды іншыя -- яны цяпер знаходзяцца ў турме. У іх зразумелая і ясная пазыцыя -- яны працуюць на эўрапейскія каштоўнасьці не ад акцыі да акцыі, а штодзённа".

Навошта ісьці на "Эўрапейскі марш"?

(Бушлякоў: ) "Што б вы адказалі на пытаньне, чаму трэба ісьці ў найбліжэйшую нядзелю на "Эўрапейскі марш"?

(Лябедзька: ) "Гэтая дыскусія ідзе ўжо доўгі час, але ўпершыню за многія гады мы маем плян, даволі зразумелы і ясны. Гэта ня ёсьць нейкая разавая акцыя, гэта частка новай стратэгіі, якая была прынятая на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Могуць быць маленькія перамогі, маленькія паразы, але трэба сыстэмная праца. "Эўрапейскі марш", як дарэчы і "Сацыяльны марш", гэта кампаніі, якія ўключаюць у сябе набор самых розных дзеяньняў. "Эўрапейскі марш" 14-га кастрычніка, гэта толькі адна з акцый, на якую ўсе працавалі. Заўтра будзе круглы стол, які будзе прысьвечаны гэтай тэме. Нацыянальны камітэт Аб''яднаных дэмакратычных сілаў прыняў рашэньні, каб напоўніць канкрэтным зьместам 12 прапаноў, якія зрабіў Беларусі Эўрапейскі зьвяз. Мы гэтай працай займаемся, і толькі калі мы будзем працаваць сыстэмна, штодзённа, тады можна разьлічваць на нейкі вынік.

А наконт таго, чаму людзям трэба выйсьці на вуліцы -- для мяне эўрапейскасьць гэта як рыса характару. Калі яна ёсьць, дык яна павінна праяўляцца і 14-га. Калі мы эўрапейцы і адносім сябе да эўрапейскай цывілізацыі, то мы гэта павінны дэманстраваць. 14-га мы толькі падкрэсьліваем гэта, але гэта павінна праяўляцца штодзённа ў нашых паводзінах, у нашых дзеяньнях, гэта самае галоўнае".

Апытаньне ў Менску – ці былі вы на вулічных акцыях пратэсту і ці зьбіраецеся на найбліжэйшыя такія акцыі?



(Бушлякоў: ) "Анатоль, ці абнадзейваюць вас гэтыя адказы?"

(Лябедзька: ) "Я на мінулым тыдні хадзіў па кватэрах -- там была, праўда, іншая тэма, зьвязаная з адменай сацыяльных гарантый. І я пагрузіўся ў настроі людзей, для мяне гэта была добрая сацыялёгія. Даволі значная частка людзей прыхільна ставіцца да таго, што ў краіне ёсьць людзі, якія робяць больш, чым сярэднестатыстычны грамадзянін. Я думаю, што гэта аптымістычна. Заўсёды ў грамадзтве былі пяць-шэсьць адсоткаў людзей, якія выконвалі ролю лакаматыва і цягнулі за сабой ўсе астатнія вагоны. Так было паўсюль, і добра, што ў Беларусі такія людзі ёсьць. Дзякуючы ім, Беларусь сёньня незалежная і сувэрэнная дзяржава. І нягледзячы на вялізарныя рэпрэсіі і праблемы, мы шмат чаго дабіліся.

Натуральна ёсьць прыкладна палова людзей, якія апалітычныя, і гэта таксама ня чыста беларуская зьява, гэта праяўляецца і ў нашых суседзяў. Але вельмі важна каб нават людзі, якія ня ходзяць на такія акцыі, разумелі, для чаго яны патрэбныя, чаму патрэбная палітра розных меркаваньняў. Натуральна ёсьць і такія людзі, якія заўсёды будуць падтрымліваць гэтую уладу. Таму гэтыя адказы мяне не зьдзівілі, бо я ведаю настроі і размаўляў, палемізаваў з многімі людзьмі ў Менску падчас нашых абыходаў кватэр.

І я ўсё ж такі хацеў бы скарыстаць мажлівасьць і запрасіць на "Эўрапейскі марш" тых, хто разумее, што ў гэтым ёсьць карысьць -- давайце прадэманструем, што мы эўрапейцы, і мы робім гэта ў першую чаргу для саміх сябе, для сваіх родных і блізкіх, і для сваёй краіны.
XS
SM
MD
LG