Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці пойдзеце на “Эўрапейскі марш”?


Іна Студзінская, Менск 14 кастрычніка ў Менску адбудзецца “Эўрапейскі марш”. Ці ведае пра яго сталічная моладзь? Ці зьбіраецца ўдзельнічаць і чаму? Наша карэспандэнтка апытвала маладых менчукоў.

Юнак: “Так, я чуў пра “Эўрапейскі марш”. Ён пачнецца 14 кастрычніка ў 14.00 на Кастрычніцкай плошчы. Зьбіраюся пайсьці”.

Спадар: “Чуў пра “Эўрапейскі марш”. Мабыць, пайду”.

Дзяўчына: “Нічога ня чулі”.

Спадар: “Мой сябар нешта казаў. Можа, сходзім туды і мы, на “Эўрапейскі марш”.

Юнак: “Я бачыў абвесткі на слупах”.

Карэспандэнтка: “А самі зьбіраецеся туды?”

Юнак: “Не. Ня ўдзельнічаю я ў такіх акцыях, не прыслухоўваюся да такіх абвестак”.

Спадарыня: “Напэўна, гэта марш за тое, каб Беларусь уступіла ў Эўразьвяз? Так, я чула. На жаль, мяне ня будзе ў Менску, а інакш далучылася б”.

Дзяўчына: “Нешта такое чула, што моладзь зьбіраецца і патрабуе, каб у эўрапейскія дзяржавы можна было б езьдзіць бязь візаў”.

Спадар: “Чуў, што “Эўрапейскі марш” будзе праз рэспубліку праходзіць, толькі ня памятаю, на роварах альбо бегчы будуць”.

Юнак: “Я толькі чуў, што ён будзе, але ня ведаю, калі”.

Карэспандэнтка: “Але хацелі б даведацца?”

Юнак: “Так, мне гэта цікава”.

Дзяўчына: “Нам учора раздавалі бюлетэні “Што можа Эўрапейскі Зьвяз зрабіць для Беларусі”.

Спадарыня: “Чула, што гэты марш — за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз”.

Карэспандэнтка: “Ці зьбіраецеся далучыцца?”

Спадарыня: “Не, страшна. У нас у краіне гэта небясьпечна. І толькі страх не дазваляе”.

Карэспандэнтка: “Але марш дазволены”.

Спадарыня: “Дазволены? Тады пойдзем”.

Дзяўчына: “За гэта могуць адлічыць з вучобы”.

Юнак: “Трэба абавязкова пайсьці, падтрымаць “Эўрапейскі марш”.

Спадар: “Здаецца, навіна ўчора была на сайце tut.by, што яго дазволілі. На жаль, у мяне няма часу, я шмат працую”.

Юнак: “Чуў, што прыяжджаюць нейкія людзі з Эўропы, каб паўдзельнічаць у маршы наконт Чарнобылю”.

Дзяўчына: “Эўрапейскі марш свабоды?”

Юнак: “Мы туды не зьбіраемся, таму што мы не актыўныя барацьбіты за незалежнасьць. Мы ўжо на гэта забілі. Мы зразумелі, што бессэнсоўна змагацца”.

Спадар: “Так, мы чулі пра марш. Нам у эканамічным унівэрсытэце забаранілі ісьці туды”.

Юнак” Мы ведаем, што ён дазволены. Але папярэдзілі, каб ня мець лішніх турботаў, не хадзіць туды”.

Карэспандэнтка: “І ня пойдзеце?”

Юнак: “Будзем бачыць”.

Спадар: “Я ня думаю, што ў нас існуе сіла, якая б змагла перамагчы гэты рэжым”.

Юнак: “Я наагул супраць уступленьня Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз. Я лічу, што для Беларусі гэта будзе дрэнна”.
XS
SM
MD
LG