Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін паспрабуе нобэлеўскага шчасьця наступным разам


Ігар Карней, Менск Швэдзкая акадэмія, якая больш за сотню гадоў прысуджае Нобэлеўскія прэміі ў галіне літаратуры, сёньня абвясьціла пераможцу за 2007 год. Сярод некалькіх дзясяткаў прэтэндэнтаў экспэрты выбралі брытанскую раманістку Дорыс Лэсінг, якая нарадзілася ў 1919 годзе ў Пэрсіі. Сума Нобэлеўскай прэміі складае ў кожнай намінацыі 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў, у эквіваленце больш за 1,5 мільёна даляраў. Зноў не пашчасьціла народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну, які два апошнія гады быў у шорт-лісьце.

Ад 8 кастрычніка ўжо назвалі нобэлеўскіх ляўрэатаў у галіне мэдыцыны, фізыкі і хіміі. Сёньня лёс пераможцы вырашалі экспэрты Швэдзкай акадэміі — васямнаццаць вядомых у краіне пісьменьнікаў і навукоўцаў, якія абіраюцца пастаяннымі сябрамі Акадэміі да канца жыцьця.

“Ксты” яднаюць духоўнае і касьмічнае

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін на пачатку 2007 году быў паўторна вылучаны на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік паэзіі “Ксты”.

Саюз беларускіх пісьменьнікаў атрымаў ліст са Швэдзкай Каралеўскай акадэміі, у якім было сказана: грамадзкасьць Беларусі мае права зноў прадставіць да Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Рыгора Барадуліна, які намінаваўся на гэтую прэстыжную ўзнагароду летась.

7 кастрычніка ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены адбылася прэзэнтацыя адразу пяці кнігаў Рыгора Барадуліна, уключна з новым выданьнем “Кстоў”.

Адзін з тых, хто вылучаў Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, — пробашч, ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які наўпрост прычыніўся да зьяўленьня кнігі. Напярэдадні айцец Уладзіслаў абмежаваўся толькі адным:

“Молімся і чакаем, канечне. Толькі гэта....”

Навіна пра ўганараваньне брытанскай пісьменьніцы Дорыс Лэсінг Рыгора Барадуліна засьпела ў шпіталі. Пра гэта расказала яго жонка, спадарыня Валянціна. Яна ж паведаміла, што паэт асабліва і не разьлічваў на станоўчы для Беларусі посьпех сёньняшняга лёсаваньня.

А вось адзін зь першых рэцэнзэнтаў кнігі “Ксты” прафэсар, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка, кажа, што вартасьць кнігі ад гэтага ніяк не зьмяняецца. І пры любым раскладзе яна вартая самых высокіх адзнакаў:

“Значнасьць кнігі ў тым, што яна, па-першае, падсумоўвае духоўны і паэтычны досьвед самаго паэта; ёсьць сумай яго назіраньняў за жыцьцём і плёнам унутранага дыялёгу з Богам, плёнам яго богашукальніцтва.

Па-другое, яна ў многім падсумоўвае вопыт беларускай духоўнай паэзіі, якая пачыналася яшчэ ад часоў Кірылы Тураўскага і доўжылася стагодзьдзямі.

А ўнівэрсальнае значэньне гэтага зборніка паэзіі ў тым, што паэт спрабуе паяднаць у ім зямное і касьмічнае, спрабуе рэаліі Сусьвету, сьветабудовы прапусьціць праз прызму зямнога бачаньня. Бачаньня паэта з Крыўя, вушацкага паэта.

Паралелі паміж касьмічным і зямным, якія робіць Рыгор Барадулін, надзвычай сьмелыя, наватарскія. І ў пляне духоўнага пошуку, і ў пляне гуманістычнага зьместу, што маюць на ўвазе ўмовы атрыманьня прэміі, яна, безумоўна, вартая таго, гэтая кніга”.

Няма мэханізму вылучэньня кандыдата ад Беларусі

Пісьменьнік і блізкі сябра Рыгора Барадуліна Валянцін Тарас засмучаны выбарам Швэдзкай акадэміі. Але кажа, што з гэтага трэба рабіць пэўныя высновы:

“Вартасьць Рыгора Барадуліна, канечне, не зьмяняецца. Як не зьмянялася вартасьць Васіля Быкава — ён быў намінантам не адзін год…

Мне цяжка крытыкаваць Нобэлеўскі камітэт, акадэмікаў нобэлеўскіх. Але, думаю, тут справа ў тым, што мы кепска ведаем мэханізм вылучэньня на Нобэлеўскую прэмію, што трэба рабіць пасьля таго, як мы прапанавалі кандыдатуру таго ці іншага свайго чалавека.

У мяне ёсьць інфармацыя, яна з розных крыніцаў, ня вулічная. Адна з умоваў падтрымкі кандыдатуры і забесьпячэньня далейшага праходжаньня праз Нобэлеўскі камітэт — што сярод тых, хто вылучае таго ці іншага аўтара, павінен быць нехта зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

На жаль, калі мы вылучалі кандыдатуру Васіля Быкава, падтрымкі з боку існуючых на той час нобэлеўскіх ляўрэатаў у нас не было.

Тут яшчэ такая справа — як шанцуе ці не шанцуе. Скажам, кандыдатуру Барадуліна мог падтрымаць Чэслаў Мілаш, але ён памёр у 2003 годзе. Таму, думаю, слушна, што трэба нам думаць, і больш грунтоўна падыходзіць да вылучэньня. І прымаць адпаведныя захады, вывучыўшы мэханізм вылучэньня як сьлед”.

***

У пятніцу 12 кастрычніка ў Нобэлеўскім інстытуце ў Осла будзе абвешчаны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Сёлета сярод намінантаў на атрыманьне ганаровой прэміі 181 кандыдат, зь іх 135 прыватных асобаў і 46 арганізацыяў.

Сярод прэтэндэнтаў на прэмію міру і два беларусы: кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Альфрэд Нобэль (1833—1896) — швэдзкі вынаходнік, прамысловы магнат, лінгвіст, філёзаф, гуманіст. Увайшоў у гісторыю як вынаходнік дынаміту, запатэнтаванага ў 1867 годзе. Як кампэнсацыю за сваё небясьпечнае адкрыцьцё перад сьмерцю Нобэль завяшчаў пяць прэміяў за значныя дасягненьні. Шостая прэмія, у галіне эканомікі, заснаваная ў 1968 годзе Швэдзкім дзяржаўным банкам ў памяць пра Нобэля.
XS
SM
MD
LG