Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Хоць мне ўжо 70 гадоў, я хачу ў Эўропу!"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 11 кастрычніка.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз - падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

На "Эўрапейскі марш" трэба ісьці па закліку сэрца, таму што мы беларусы


Спадар: “На "Эўрапейскі марш" трэба ісьці без усялякіх грошай, без усялякай аплаты, а не як тэлефанаваў нейкі Мікалай Іванавіч, які пытаўся, колькі яму дадуць даляраў... На Эўрапейскі марш, я яшчэ хачу сказаць, трэба ісьці па закліку сэрца, таму што мы беларусы. І я пэнсіянэр, але я прыеду на марш. Толькі я прашу Бога, малю, каб на гэта сьвята, на Пакровы, было добрае надвор’е, як 25 сакавіка, на Дзень Волі. Дай Бог. Толькі будзем стаяць да канца, да перамогі, пакуль маё сэрца будзе біцца. Хоць мне ўжо 70 гадоў, я хачу ў Эўропу!”

Пэнсіянэрка: “Паважаная рэдакцыя “Свабоды,” моладзь увесь час абвінавачваюць у лаянцы, хаця ў беларускай мове яе папросту ня можа быць. Улічваючы нетрадыцыйную накіраванасьць нашай дзяржавы – не на Захад, а на Ўсход, але лічачы сябе пра гэтым пупам Эўропы, – прапаную галоўнаму ідэолягу краіны пайсьці па шляху блізкай нам Сырыі і саджаць маладафронтаўцаў ужо не за лаянку, за якую, у першую чаргу, трэба перасаджаць усю нашу доблесную міліцыю, а па-ўсходняму тонка – за аслабленьне нацыянальнага пачуцьця. За такую фармулёўку і адседзець ня крыўдна”.

"Калі б у нас нейкі даішнік за перавышэньне хуткасьці паспрабаваў спыніць Аляксандра Рыгоравіча, лёсу гэтага даішніка я б не пазайздросьціў"


Спадар: “У перадачы “Беларускае Замежжа” пачуў, што ў Эстоніі звычайны паліцыянт за перавышэньне хуткасьці спыніў прэзыдэнта краіны. Пра што гэта сьведчыць? Гэта сьведчыць пар тое, што ў дэмакратычных краінах закон адзін для ўсіх. Іншымі словамі, усе роўныя перад законам: ня важна, хто ты: шараговы грамадзянін ці прэзыдэнт. Парушыў закон, калі ласка, адказвай. Так, у прынцыпе, і павінна быць. Уявіць сабе нешта такое ў нас у Беларусі проста немагчыма. У галаве не ўкладваецца. Калі б у нас нейкі даішнік за перавышэньне хуткасьці паспрабаваў спыніць Аляксандра Рыгоравіча, лёсу гэтага даішніка я б не пазайздросьціў. Чаму так адбываецца? Адказ просты. Таму што наш “усенароднаабраны” паставіў сваю пэрсону вышэй за любыя законы і нават вышэй за Канстытуцыю, якую ён ня раз парушаў. У любой дэмакратычнай краіне за гэта можна пазбавіцца пасады прэзыдэнта ды яшчэ ў турму патрапіць. А нашаму правадыру прасьцей за ўсё парушыць любы закон і нават Канстытуцыю. Для яго гэта як мае быць, як раз плюнуць. Вось вам навідавоку дэмакратыя па-беларуску. Адным нельга нічога, а іншым усё можна”.
XS
SM
MD
LG