Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Шчыра сей кукурузу, не пазнаеш канфузу!”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 11 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

“Оршанский вестник” у 1917 годзе падсумоўвае: “Аршанскі “Беларускі камітэт” быў бы ня супраць паслаць свайго кандыдата ва Уст. Сход. Але Масква, палічыўшы, што “Бел. Кам.” — звычайная дэмакратычная нацыянальная арганізацыя, перадала гэтае пытаньне на разгляд партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. “Бел. Кам.”, бачыце, нікога з выстаўленых па губэрні існымі партыямі й арганізацыямі кандыдатаў, прыродных беларусаў, беларусамі ня лічыць і жадае бачыць ва Уст. Сходзе нейкага свайго, асаблівага беларуса. Што гэта за беларус — меркаваць лічым за лішняе”.

“ЛіМ” у 1957 годзе друкуе ліст прафэсараў Н.Замяціна і Н.Дарожкіна, член-карэспандэнтаў АН БССР А.Лапо і В.Шэмпеля: “Прафэсар Жэбрак выступіў у ролі паклёпніка на выдатнага совецкага вучонага акадэміка Лысенку ў рэакцыйным амерыканскім друку, які выконвае волю тых падпальшчыкаў вайны, што імкнуцца падарваць магутнасць нашай Радзімы... Прафэсар Жэбрак заспяваў ва ўнісон англійскім і амерыканскім “навуковым” часопісам, якія паклёпнічаюць на нашу совецкую навуку, на яе перадавых дзеячоў. Жэбрак працягнуў руку такім злосным паклёпнікам, як прафашыст Карл Сакс...”

На гэтым тыдні 1957 году на старонках “Бацькаўшчыны” Мікола Куліковіч высьмейвае беларускую савецкую паэзію: “Хрушчоўскае вынаходніцтва — кукуруза... сталася таксама элемэнтам беларускае савецкае паэзіі. Я дазволю сабе для пацехі чытача прывесьці тут некалькі радкоў такой кукурузнай “паэзіі”: “Шчыра сей кукурузу, не пазнаеш канфузу!” — радзіць беларускаму калгасьніку паэта Кірэенка, а паэта Цітоў прысьвячае кукурузе ледзь ня оду (падаю ў расейскай мове, як яна была надрукаваная): “Теперь смелей день ото дня, прося об снисхождении музу, я, лавры кепкой заменя, речь поведу про кукурузу”. Ня думаю, каб муза была літасьцівай да такога падхалімнага вершаплёцтва...”
XS
SM
MD
LG