Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму так хутка растуць цэны на харчаваньне?


Віталь Цыганкоў, Менск Апошнім часам у Беларусі прыкметна павялічваюцца цэны на харчовыя тавары. Асабліва гэты рост заўважны ў коштах на алей, мяса птушкі, малочныя прадукты, хлеб. Чаму гэтак хутка растуць цэны на харчаваньне? Якой можа быць інфляцыя на канец гэтага году? Віталь Цыганкоў гутарыць з эканамістам Міхалам Залескім.

Цыганкоў: “Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня накіравала прапанову павялічыць закупныя цэны на малако ўсім зацікаўленым міністэрствам і ведамствам. Відавочна, чыноўнікі зразумелі, што іншым спосабам праблему з пастаўкамі малака ў гандаль ня вырашыць. Як думаеце, згодзіцца больш высокае кіраўніцтва з такой прапановай, і наколькі можа падаражэць малако і малочныя прадукты?”

Залескі: “Тут ёсьць два аспэкты. Першы – гэта суадносіны сусьветных, расейскіх і нашых цэнаў на малако. Беларусь заўсёды досыць добра адстае ў гэтым пляне. Таму складваюцца ўмовы, пры якіх выгадна прадаваць малако туды, дзе яго бяруць. У Эўропе ня надта кінуліся яго купляць, а ў Расеі бяруць. Зацікаўленасьць здатчыкаў зьніжаецца ў краіне. Трэба падвысіць закупачныя цэны. Можа, дзе-небудзь так адразу і адбылося б, каб там быў чысты капіталізм. Але ў нас гэта не зусім імаверна, бо існуе Камітэт па цэнах, які пільнуе “сацыяльную справядлівасьць” ва ўяўленьні нашай улады”.

Цыганкоў: “Цяпер на эўрапейскім рынку цана на малако падвоілася, павялічылася на сусьветным рынку з прычыны невысокага ўраджаю збожжа. Ці могуць беларускія саўгасы і фэрмэры бесьперашкодна прадаваць малако за мяжу, ці ёсьць абмежаваньні?”

Залескі: “Ёсьць прымаўка: “Вада дзірку знойдзе”, – гэтаксама і малако. Абмежаваньні існуюць, яны могуць насіць пазатарыфны характар з таго боку. Можа быць мэдычны, санітарны, вэтэрынарны кантроль – шмат розных кантроляў можна напрыдумляць на тое малако. Але калі расейцы зацікаўленыя купляць тое малако, то яны будуць яго купляць”.

Цыганкоў: “Нягледзячы на шырокую падтрымку дзяржаўнымі субсыдыямі сельскай гаспадаркі (2 мільярды даляраў штогод), некаторыя нашы катэгорыі харчовых тавараў (ялавічына, сьвініна, птушка) даражэйшыя за замежныя аналягі. Гэта вынік празьмернай абароны ўнутранага рынку ці чаго іншага?”

Залескі: “Гэтае пытаньне – удар ніжэй пояса нашай уладзе. Мы даціруем кожны літар малака, якое вырабляюць калгасы. А потым – гэтую датацыю аддаем іншай дзяржаве, калі прадаем туды малако. Датацыя ж патрэбна таму, што мы маем самую неэфэктыўную ў сьвеце сыстэму гаспадараньня – калгас.

І тут атрымліваецца, з аднаго боку, дэіндустрыялізаваная гаспадарка сялянаў, а з другога – неэфэктыўная гаспадарка калгасаў. Яны і патрабуюць штодзённых датацыяў.”

• У Менску праблемы з пастаўкамі малака , 4.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG