Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітыкі зноў сёлета прагназуюць расейска-беларускі газавы канфлікт


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Маскве міністар энэргетыкі Беларусі Аляксандар Азярэц і генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Ўладзімер Маёраў правядуць перамовы з кіраўніцтвам “Газпрому”. Плянуецца абмеркаваць пытаньні паставак расейскага газу ў Беларусь у 2008 годзе, а таксама пастаўкі да канца гэтага году.

Ні ў міністэрстве энэргетыкі, ні ў “Белтрансгазе” не патлумачылі пазыцыю беларускага боку на перамовах. Прэсавы сакратар “Белтрансгазу” Ўладзімер Чэкаў сказаў:

“Пазыцыю сфармулюе кіраўнік дэлегацыі. Яны ведаюць пра што размаўляць. Мне парадак дня не даводзілі. Абмяркоўваюць пытаньні ўзаемадзеяньня на будучы год. Без падрабязнасьцяў і камэнтароў”.

“Газпром” ужо заяўляў пра падвышэньне цаны на газ для Беларусі ў 2008 годзе. Маўляў, гэта будзе не перамоўны працэс, а разьлік на падставе дзейнага кантракту. У ім выразна вызначаная мэтодыка разьліку цаны. Аднак прадстаўнікі афіцыйнага Менску выказваліся за перагляд гэтай мэтодыкі. А нядаўна памочнік кіраўніка Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў, што стварэньне мытнага зьвязу ў рамках ЭўрАзЭС немагчымае без правядзеньня ўзгодненай цэнавай палітыкі ў сфэры энэргарэсурсаў.

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук так прагназуе разьвіцьцё падзеяў:

“Я думаю, што мы пры навагоднім стале будзем чакаць навінаў з газавага фронту. Таму, калі Менск сёньня кажа, што падставай узаемаадносін у межах мытнага саюзу павінны быць аднолькавыя цэны на энэрганосьбіты, мы, па сутнасьці, вяртаемся ў стан перамоваў 2005-2006. Афіцыйны Менск яшчэ ніякіх высноваў не зрабіў. Канфлікт будзе, і я думаю, што ў гэтым годзе канфлікт будзе яшчэ больш гарачы, палітызаваны”.
”Беларускае кіраўніцтва замест таго, каб уключыць трэцюю перадачу, проста распрадае фамільнае срэбра і цягне час.”
Паводле спадара Раманчука, Беларусь у любым выпадку ня зможа атрымоўваць газ па 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, як гэта ёсьць цяпер. І падвышэньне кошту адаб’ецца на эканоміцы:

“У гэтым годзе мы не далічыліся недзе паўтара мільярда даляраў. А ў наступным годзе гэта будзе два з паловай, тры мільярды. І гэта, безумоўна, будзе адчувальна. Мы гэта адчуем па сальда плацёжнага балянсу, па ціску на курс. І па бюджэце, якому ня будзе хапаць грошай. І таму альбо падаткі трэба будзе павялічваць, што сёньня Мінфін мяркуе, ці скарачаць розныя праграмы, сацыяльныя льготы”.

Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка не выключае, што беларускія ўлады пойдуць на тое, каб у першай палове наступнага году датэрмінова прадаць 50% акцый “Белтрансгазу” расейскаму “Газпрому”:

“Беларускае кіраўніцтва, адрозна ад насельніцтва, ня справілася з задачай у гэтых умовах. Бо “Белтрансгаз” – аддаваць грошы за яго ў аплату за газ – гэта самая неэфэктыўная справа.

Усё сьведчыць пра тое, што беларускае кіраўніцтва замест таго, каб уключыць трэцюю перадачу, аб’яднаць намаганьні бізнэсу, дырэктарату па экспарце і эфэктыўнай эканамічнай палітыцы, яно проста распрадае фамільнае срэбра і цягне час.

Мы праглынем і 120, і 140, і 200 даляраў за газ. Іншая справа, трэба каб ва ўрад у рэшце рэшт увайшлі прафэсійныя людзі, якія ўмеюць лічыць”.

Спадар Заіка мяркуе, што “Газпром” можа падвысіць цану на газ для Беларусі ў рамках 120-150 даляраў за тысячу кубамэтраў:

“Лукашэнка пайшоў на трэці тэрмін – таннага газу ня будзе”.

31 сьнежня 2006 году “Белтрансгаз” і “Газпром” падпісалі кантракт на пастаўку і транзыт газу ў 2007-2011 гадах. Дакумэнтам вызначана цана расейскага газу пры пастаўках у гэтым годзе – 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. Таксама дамовай вызначана формула цаны ад 1 студзеня 2008 году. Яна адпавядае формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Эўропу.

“Газпром” і ўрад Беларусі падпісалі пратакол, згодна зь якім “Газпром” набывае 50% акцый “Белтрансгазу” за 2,5 мільярды даляраў роўнымі плацяжамі цягам чатырох гадоў. Сёлета “Газпром” ужо пералічыў беларускаму боку 625 мільёнаў даляраў за набыцьцё 12,5% акцый “Белтрансгазу”.

• “Газпром” вызначыць цану газу для Беларусі без дадатковых перамоваў, 30.08.2007 • Міністэрства энэргетыкі Беларусі: “Газпром” парушыў дамову , 3.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG