Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Алеся Атрошчанкава асудзілі на 10 сутак</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск На 10 сутак арышту асудзілі моладзевага актывіста Алеся Атрошчанкава ў Цэнтральным судзе Менску. Міліцыянты засьведчылі, што актывіст “брыдкасловіў і паводзіў сябе нагла” ў грамадзкім месцы. А пачалася гэтая гісторыя з ўварваньня міліцыі ў кватэру Алеся Атрошчанкава паводле сыгналу пра “падазроны трупны пах”.

Cудзьдзя Тацяна Паўлючук патраціла на гэтую справу болей як дзьве гадзіны вечаровага часу, калі працоўны дзень у дзяржаўных установах (акрамя Цэнтральнага суду Менску) ужо скончыўся. Адвакат Вера Страмкоўская ў заключнай прамове казала, што справа Алеся Атрошчанкава паказальная. “Сёньня Эўрапейскі марш дазволілі і я спадзяюся, што ваш прысуд прадэманструе незалежнасьць суду”, – казала абаронца актывіста. Праз колькі хвілін прысутныя выслухалі прысуд Алесю Атрошчанкаву: 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя Тацяна Паўлючук палічыла, што паказаньні сьведак міліцыянтаў праўдзівыя, а вось сьведчаньні на карысьць актывіста ёсьць дапамогай яму пазьбегнуць адказнасьці.

Пра што сьведчылі міліцыянты з Цэнтральнага райаддзелу?

Увечары 9-га кастрычніка ім паведамілі, што з кватэры, якую арандуе Алесь Атрошчанкаў, нібыта “даходзіць трупны пах”. “Мы прыехалі не месца, але трупа не знайшлі. У кватэры ужо працавала апэратыўна-сьледчая група. Тады мы павезьлі Атрошчанкава ў райадзел для высьвятленьня асобы, а ён на наш адрас брыдкасловіў”, – заявіў суду міліцыянт Зьміцер Курыльчук.

Ягоны калега Анатоль Сушчэня таксама казаў пра труп, але меней пераканана: “У пад’езьдзе быў нейкі брыдкі пах, магчыма, трупны, але ў кватэры ўсё было чыста”. Чаму актывіста павезьлі ў райаддзел, хаця ягоная жонка паказвала ўсім дакумэнты, міліцыянт не патлумачыў. Паводле Анатоля Сушчэні, затрыманы “паводзіў сябе нагла і размахваў рукамі”.

Жонка Алеся Атрошчанкава Дар’я Корсак бачыла падзеі інакш. Яна сьведчыла, што яе муж не брыдкасловіў, калі яго вывелі з дому, а ў гэты момант на разьвітаньне абняў яе. Праз паўгадзіны ў райаддзеле маладой жанчыне сказалі, што яшчэ не прыдумалі, паводле якога артыкулу затрымалі яе мужа. Таксама Дар’я засьведчыла, што сама пацярпела ад аднаго зь міліцыянтаў: “Я казала, што я жонка і можаце паглядзець мой пашпарт, але ён адмыслова зашчаміў мне нагу жалезнымі дзьвярыма”.

Алесь Атрошчанкаў назваў абвінавачаньні абсурднымі. Актывіст нагадаў, што першы міліцыянт ўварваўся ў ягоную кватэру праз акно. Такія дзеяньні Алесь Атрошчанка патлумачыў выкананьнем загаду “любым коштам перашкодзіць правядзеньню Эўрапейскага маршу”: “На тле дыялёгу, які прапануе апазыцыя, такія дзеяньні сьведчаць, што ва ўладзе ёсьць групоўкі, якія сабатуюць ўсе слушныя прапановы і ўлады, і апазыцыі”.

Міліцыянты забаранілі сваякам і сябрам Алеся Атрошчанкава перадаць яму цёплыя рэчы і харчы.
XS
SM
MD
LG