Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі небясьпечны жаночы алькагалізм?


Іна Студзінская, Менск У Беларусі зарэгістравана больш за 32 тысячы жанчын, якія цярпяць ад алькагольнай залежнасьці. Такую лічбу падаў галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Максімчук. Для параўнаньня: летась у Беларусі на наркалягічным ўліку з дыягназам “алькагалізм” стаяла 29 тысяч жанчын.

Калі колькасьць мужчынаў-алькаголікаў павялічваецца ў сярэднім на 5 –6 % за год, то жанчын – на 11 %. Толькі ў сталіцы на ўліку стаіць каля 5 тысяч жанчын, пераважная большасьць – да 30 гадоў.

У жанчын хутчэй адбываецца разбурэньне асобы

На думку галоўнага лекара Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэра Сяргея Малочкі, у жанчын хутчэй адбываецца разбурэньне асобы:

“Жаночы арганізм меней прыстасаваны да таго ўзьдзеяньня ў сувязі з асаблівасьцямі гарманальнага фону, за кошт таго, што жаночая структура дастаткова крохкая ў параўнаньні з мужчынскай. Таму і такое разбуральнае ўзьдзеяньне. Горш лечыцца, часьцей выступае прыдуркаватасьць”.

Ці вылечны жаночы алькагалізм?

Намесьніца начальніка Гомельскай жаночай калёніі падпалкоўнік Галіна Забродзкая ў інтэрвію газэце “На страже” выказала меркаваньне, што жаночы алькагалізм наагул невылечны. Такую выснову яна робіць з уласных назіраньняў за жанчынамі-алькагалічкамі, якія адбылі пакараньне і ўсё адно на волі “сарваліся”.

Нарколяг Сяргей Малочка сьцьвярджае:

“Усё можа быць вылечнае, але ў жанчын алькагалізм часьцей зьвязаны з сацыяльнымі праблемамі, адсутнасьцю сям’і, самотнасьцю, крызысам душэўным. Таму як толькі ёсьць магчымасьць гэты крызыс нейкім чынам перамагчы, тады можна казаць пра лекаваньне”.

“Выпіла раз, выпіла два, а затым – прывыканьне”

На думку псыхоляга Жанны Міцкевіч, праблему жаночага алькагалізму нельга разглядаць аднабакова, паколькі яна мае розныя карані. Часьцяком бывае і генэтычная прадвызначанасьць, кажа спадарыня Жанна:

“Але маюць рацыю нарколягі ў тым, што гэта – чалавек слабы, які ня можа справіцца са сваімі праблемамі, і ў выніку – гэта праблемы сямейнага жыцьця, зьвязаныя з працай, з адносінамі людзкімі. Але самае галоўнае – гэты чалавек не гатовы для вырашэньня праблем, і тады праблемы ён вырашае праз тое, што здаецца самым лёгкім шляхам – ён выпіў раз, два, а затым – прывыканьне”.

Прычына – у фізыялёгіі ці ў псыхалёгіі?

Цяга да алькаголю і прывыканьне ў жанчын фармуюцца значна хутчэй і з-за фізіялягічных асаблівасьцяў. У мужчынаў, акрамя таго, што ў нейкай ступені печань“утылізуе” алькаголь, лёгкія, ныркі выводзяць з арганізму прадукты распаду, вялікую ролю адыгрывае фэрмэнт, які знаходзіцца ня ў печані, а ў цягліцах, кажа нарколяг Сяргей Малочка:

“Так званая каталаза. Яна выпрацоўваецца ў асноўным ня ў печані, а пры цяглічнай энэргіі. Колькі б бы ні казалі пра эмансыпацыю, жанчыны ж такой фізычнай працай і нагрузкамі не займаюцца. Значыць, дадатковых рэзэрваў арганізму не існуе”.

На думку псыхоляга Жанны Міцкевіч, мужчыну лягчэй зьвярнуцца па дапамогу да спэцыялістаў-нарколягаў. Ніводная жанчына не прызнаецца, што яна хварэе на залежнасьць ад алькаголю, вельмі рэдка яна сама зьвернецца да нарколяга. Часьцей жанчын лечаць прымусова, на пастанову суду, які пазбаўляе бацькоўскіх правоў. Меркаваньне Жанны Міцкевіч:

“У алькагалічкі страчваецца роля маці”

“Жанчыне выходзіць з гэтага становішча значна складаней. Дый яна і наўрад ці выйдзе. Акрамя таго, яна адказная за дзяцей, і ў выніку страчваецца роля маці. А паколькі ў нас у большасьці сваёй маці адказвае за дзіця, жанчына ў сям’і больш значная за мужчыну, у выніку гэтае дзіця застаецца недагледжаным. З гэтага пункту гледжаньня і складанасьці жаночага алькагалізму”.

Штогод у Беларусі пазбаўляюць бацькоўскіх правоў 4 – 4,5 тысячы чалавек (палова зь іх – жанчыны, якія злоўжываюць алькаголем). Жаночы алькагалізм наўпрост зьвязаны з праблемай сацыяльнага сіроцтва – з 32 тысяч дзяцей, што выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, амаль 90 % маюць маці. 10 тысяч чалавек (зь іх палова жанчыны) не кампэнсуюць выдаткаў на выхаваньне дзяцей.
XS
SM
MD
LG