Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці стане баскетбол у Беларусі важным для дзяржавы відам спорту?


Ігар Карней, Менск Удалы выступ жаночай баскетбольнай зборнай на чэмпіянаце Эўропы ў Італіі, дзе дэбютанткі адразу ўзьняліся на трэцюю прыступку, прыкметна дадаў папулярнасьці баскетболу ў Беларусі. Ці дастаткова ў краіне спэцыялізаваных школаў, у якіх на прыстойным узроўні вучаць гуляць у баскетбол?

Эўфарыю трэба “ўзгадняць” з рэальнасьцю

Сёньня на аўтаадказьнік “Свабоды” затэлефанаваў вядомы спартовы спэцыяліст, трэнэр у плаваньні Ўладзімер Зьвернік. У яго больш за 30 гадоў трэнэрскага стажу ў зборнай СССР, а пасьля і ў камандзе Беларусі. У тэлефанаваньні спадар Зьвернік выказвае радасьць ад выступу жаночай баскетбольнай каманды на чэмпіянаце Эўропы. “Трэцяе месца – словаў няма, каб выказаць, як гэта грэе сэрца”, – кажа Ўладзімер Зьвернік і ўсё ж пры гэтым папярэджвае спартоўцаў і трэнэраў ад залішняй эўфарыі перад кваліфікацыйнымі матчамі на шляху да Алімпіяды-2008:

“Так, заўсёды адчуваеш вялікае задавальненьне пасьля найбольш удалых вынікаў сваёй каманды ці асобных спартоўцаў. Але надыходзіць стан, калі пік спартыўнай формы спадае. Гэта натуральны, аб’ектыўны, фізіялягічны чыньнік чалавечага арганізму. На набыцьцё новага піку патрэбен працяглы час, трэба ўсё прайсьці з самага пачатку. Такім чынам, вялікая перамога – гэта толькі добрая нагода для яшчэ больш цяжкай працы, амаль што з нулявой адзнакі. Тым ня меней я жадаю нашым дзяўчатам яшчэ большага посьпеху. Але з улікам сказанага”.

Баскетбольныя “сталіцы”: Менск, Смаргонь, Асіповічы

Калі баскетболам займацца сур’ёзна, то спэцыялісты раяць пачынаць з 8-гадовага ўзросту. Атрымаць “пачатковую баскетбольную адукацыю” можна ў Менску, абласных гарадох і некаторых раённых цэнтрах. У сталіцы ёсьць магчымасьць навучацца ў спэцыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школах алімпійскай рэзэрвы (СДзЮШАР) “Гарызонт” і “Менск-2006”. У Менскай вобласьці баскетбольныя сэкцыі ёсьць ў Маладэчне, Барысаве, Салігорску.

У Гомелі працуюць Дзяржаўная школа алімпійскай рэзэрвы і ДзЮСШ №9, а спэцыялізаваныя школы – у Сьветлагорску, Калінкавічах і Жлобіне (на базе Беларускага мэталюргічнага заводу). У Горадні ёсьць дзіцячая спартовая школа №7; таксама баскетбольныя цэнтры існуюць у Смаргоні і Мастах. У Віцебскім рэгіёне баскетбольныя падразьдзяленьні працуюць у Віцебску (СДзЮШАР №4) і Воршы (СДзЮШАР №2). У Магілёўскім рэгіёне два цэнтры баскетболу: СДзЮШАР №5 у абласным цэнтры і ДзЮСШ у Асіповічах. Найменш баскетбольная прысутнасьць адчуваецца на Берасьцейшчыне. Берасьце на спартакіядах прадстаўляе каманда навучэнцаў спэцыялізаванай СДзЮШАР №4.

Выдаткі на баскетбол у разы меншыя за хакейныя

Адказны за разьвіцьцё дзіцячага баскетболу ў Беларускай фэдэрацыі баскетболу – Канстанцін Шаравера, адзін з самых вядомых за савецкім часам гульцоў, а цяпер дырэктар клюбу “Менск-2006”:

“Уяўляеце, што гэта такое? У Асіповічах школа, у Магілёве, і ў Менску дзьве школы. Які можа быць ахоп? Ніякага ж ахопу! Спаборніцтвы агульнабеларускія праводзяцца фактычна толькі па двух узростах. Таму тэма вельмі складаная. Трэба ўсё падымаць, рухаць, бо баскетбол – гэта від спорту, зь якога выходзілі людзі ў іншыя дысцыпліны. Яго можна разглядаць як базу. Гэта ж гульня! Усе дзеці з чаго пачынаюць, яшчэ ў школе? З гульні. А гэта гульнявы від, падмога. Ня ўсе становяцца баскетбалістамі. Гандбалісты, каго ні запытай, таго ж Саню Каршакевіча, зь якім мы вельмі сябруем, пачыналі займацца баскетболам. А школьны баскетбол, я лічу, трэба разглядаць як асноўны элемэнт для агульнага фізычнага разьвіцьця”.

Карэспандэнт: “Дый выдаткі на баскетбол – ня роўня таму ж хакею?”

“Ды аб чым казаць? Гэта таньней разоў у дзесяць, адназначна. Нам што патрэбна? Шчыт, мяч. З амуніцыі – красоўкі, майка на першы час. У далейшым ужо, калі каманда пачынае езьдзіць на спаборніцтвы, мы ўсіх апранаем самі. На дадзеным этапе ў нас практычна платных групаў няма, таму ўсё кладзецца на плечы дзяржавы. Ёсьць праект фармаваць платныя групы пачатковай падрыхтоўкі, аднак пакуль гэта ў плянах. Але ў любым выпадку самае галоўнае нават ня гэта: патрэбна жаданьне”.

Папулярнасьць баскетболу ўва ўсім сьвеце імкліва расьце. У ЗША ён даўно ўваходзіць у так званую “вялікую тройку” папулярных гульнявых відаў: паводле папулярнасьці матчы NBA (Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі) параўнальныя з гульнямі лігаў бэйсболу і амэрыканскага футболу. Кожны баскетбольны матч, паводле статыстыкі, зьбірае 10 – 15 тысяч гледачоў, а прафэсійныя баскетбалісты – адны з самых высокааплатных у спорце.

Няшмат саступаюць у майстэрстве заакіянскім спартоўцам і гульцы наймацнейшых эўрапейскіх баскетбольных лігаў – перадусім гэта тычыцца Грэцыі, Гішпаніі і Італіі. Зрэшты, па рэальныя прыклады хадзіць далёка ня трэба: у суседняй Літве баскетбол – спорт №1. У апошні дзень лета ў літоўскай сталіцы зьявіўся помнік у гонар баскетболу – на адным з элемэнтаў выгравіраваныя прозьвішчы трох дзясяткаў спартоўцаў і трэнэраў, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё баскетболу ў краіне. Адкрываў скульптурную групу прэзыдэнт краіны Валдас Адамкус.

• Беларускія баскетбалісткі сталі бронзавымі прызэркамі чэмпіянату Эўропы, 8.10.2007
XS
SM
MD
LG