Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Дранько-Майсюк: “Беларуская паэзія – сьвецкая рэлігія прыгожых людзей”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”

10 кастрычніка адзначае пяцідзесяцігадовы юбілей паэт Леанід Дранько-Майсюк. На ягоным творчым рахунку паэтычныя зборнікі “Вандроўнік” (1983), “Над пляцам” (1986), зборнікі вершаў і эсэ “Тут” (1990), “Акропаль” (1994), “Стомленасьць Парыжам” (1995), “Гаспода” (1998), “Паэтаграфічны раман” (2002), “Вершы. Каханьне. Проза” (2003), кніга сатырычных апавяданьняў “Пра тое, як я…” (1992). Напярэдадні юбілею паэт завітаў у “Вольную студыю”, дзе й адбылася размова пра час і літаратуру, пра тое, што ў жыцьці натхняе і абурае.

“У школах скарачаецца сваё, а павялічваецца чужое”

Міхась Скобла: “Леанід, вельмі своеасаблівы падарунак да твайго пяцідзесяцігодзьдзя зрабіла Міністэрства адукацыі. Тваё імя зьнікла са школьных праграмаў па літаратуры – разам з імёнамі Ўладзімера Някляева, Вольгі Іпатавай, Сьвятланы Алексіевіч, другіх пісьменьнікаў. Цябе гэта вельмі засмуціла?”

Леанід Дранько-Майсюк: “Нічога, не памрэм, будзем жыць і з гэтым. Я хацеў бы гэтую складаную праблему вывесьці за межы майго імя й сказаць пра тое, што колькасьць гадзінаў, якая адведзена ў нашых навучальных установах на вывучэньне беларускай мовы й літаратуры, вельмі і вельмі малая. Нам часам кажуць, што дзеткам цяжка даецца аб’ёмная навучальная праграма. Паводле гэтай лёгікі, скарачаецца сваё, павялічваецца чужое, і дзеткі зь першае клясы вывучаюць не беларускую, а, скажам, ангельскую мову.

Са школьнай праграмы па беларускай літаратуры ўвогуле нельга выкрэсьліваць ніводнага пісьменьніка, бо ў кожнага пісьменьніка ёсьць твор, які павінен вывучацца ў школе. Нельга замяняць імя на імя, трэба імя дадаваць да імя. Сучасная наша літаратура разьвіваецца, яна маральна і эстэтычна багатая, і яе ў поўным аб’ёме павінны ведаць школьнікі. Павінен існаваць балянс паміж неабходным і патрэбным. Колькі гадзінаў адведзена на вывучэньне, скажам, кампутарнай тэхнікі, столькі ж гадзінаў павінна быць адведзена і на вывучэньне беларускай мовы й літаратуры”.

“Літаратура павінна ісьці па апостальскіх сьцежках – гэта значыць, даходзіць да кожнай душы” Скобла: “Ці патрабуе твой новы твор неадкладнай сустрэчы з чытачом ці слухачом? Я чытаў, што Восіп Мандэльштам, калі ня меў паблізу сяброў ці знаёмцаў, тэлефанаваў у ГПУ свайму сьледчаму, які яго дапытваў, “вёў” яго, і дэклямаваў яму новыя вершы. А як з гэтым у цябе?”

Дранько-Майсюк: “Даволі працяглы час я ня думаў пра свайго чытача. Мне вельмі падабаўся сам працэс пісьма, і я складаў вершы нібыта для самога сябе. Аднак абставіны прымусілі мяне паверыць у незвычайнае: аказваецца, ёсьць людзі, і іх дастаткова многа, якія цябе, менавіта цябе, чытаюць. І зь нейкага моманту я зразумеў, што нельга і надалей ня ўлічваць думкі й пачуцьці гэтых людзей. Што літаратура дзейсная тады, калі мае свайго актыўнага чытача. Гэта зусім ня значыць, што ў сваёй творчасьці я стаў падладжвацца пад нейчы настрой, але я пачаў “адрасаваць” свае вершы, свае апавяданьні тым прыхільнікам прыгожага пісьменства, якім мае творы неабходныя. Прызнаюся, занятак гэты спрыяе натхненьню.

Ёсьць у мяне проза, надрукаваная ў 15-м нумары часопіса “Дзеяслоў”, называецца яна – “Анёлак і я”. Гэта і ёсьць узор адраснай творчасьці. Увогуле, улічваючы абставіны, у якіх апынулася беларуская мова, творы, напісаныя на ёй, павінны ісьці па апостальскіх сьцежках – гэта значыць, даходзіць да кожнай душы”.

“Беларуская паэзія – народная, яна ня можа заставацца на хісткіх эстрадках пэрформансаў ці на старонках піжоністых малатыражных выданьняў”

Скобла: “Пытаньне толькі – колькі такіх душаў павінна быць. Нядаўна кумір “шасьцідзесятнікаў” Яўген Яўтушэнка паабяцаў ізноў сабраць цэлы стадыён прыхільнікаў паэзіі, як гэта адбывалася ў гады ягонай маладосьці. А ці магчымы ў нас у Беларусі масавы ўсьплёск цікавасьці да паэзіі?”

Дранько-Майсюк: “На жаль, статыстычна пацьвердзіць колькасьць аматараў паэзіі немагчыма. Але масавы ўсьплёск цікавасьці да паэзіі магчымы. Калі мы канчаткова атруцімся псэўдамастацтвам, якое пануе сёньня, калі мы зразумеем, што кніга не падлягае замене ніякай электроннай вэрсіяй, калі мы адкінем культ коміксаў, падробак, пераробак, усялякіх падмалёвак і падтанцовак… Калі мы выпрацуем законы, паводле якіх будуць карацца “дзеячы”, дзейнасьць якіх накіравана на тое, каб забясьпечыць школьныя бібліятэкі скарочанымі варыянтамі клясычных твораў… Урэшце, калі мы здолеем прапанаваць грамадзтву заместа культу жывата культ розуму.

Вось тады, я ўпэўнены, паэзія вернецца ў вялікія аўдыторыі. Працэс гэты няпросты і даволі доўгі, але я веру: не адзінкі, а сотні й тысячы будуць слухаць паэтаў. Беларуская паэзія па сутнасьці сваёй народная, яна ня можа заставацца на хісткіх эстрадках пэрформансаў ці на старонках піжоністых выданьняў, наклад якіх сарамліва прыкрываецца лічбай 299. Беларуская паэзія – сьвецкая рэлігія прыгожых людзей, памятайма пра гэта!”

Скобла: “А якая самая масавая аўдыторыя, перад якою табе даводзілася выступаць з чытаньнем вершаў?”

Дранько-Майсюк: “Пяцьсот, а можа, і ўсе шэсьцьсот удзячных слухачоў слухалі вершы ў Мастах. Вельмі шмат людзей было ў 1997 годзе на маёй творчай вечарыне ў сталічнай філярмоніі. Вялікая аўдыторыя была на “Славянскім базары”. Маладэчанскі фэстываль песьні й паэзіі можна згадаць”.

Скобла: “А згадай самую нешматлюдную залю”.

Дранько-Майсюк: “Самыя нешматлюдныя залі ў Эўропе. У Парыжы мяне слухалі дзесяць чалавек, у Мадрыдзе – пяць, у Лісабоне – тры”.

“Кожны паэт мусіць напісаць кніжку добрай практычнай прозы”

Скобла: “Значыць, выступаць трэба дома… Апошнім часам ты пішаш і прозу. І мне тут хочацца згадаць лібімага намі абодвума Міхася Стральцова: “Люблю я прозы дух цьвярозы, яе густы зямляны дух. Яна і жартам, як сур’ёзам, карчы варочае за двух”. А вось мне здаецца, што мастацкія магчымасьці паэзіі значна большыя, чымся прозы, – пагадзіся”.

Дранько-Майсюк: “Ёсьць і іншая думка. Кажуць, што ў прозы шырэйшае дыханьне. Аднак жа і ў паэзіі дыханьне ня менш аб’ёмнае. Згадайма “Новую зямлю”, “Сымона-музыку”, альбо дзьве апошнія, абсалютна цудоўныя паэмы Ўладзімера Някляева “Палянэз” і “Ложак для пчалы”. Гэтыя творы сьведчаць, што глыбіня й вышыня паэтычныя – бязьмерныя.

У Літаратурным інстытуце мяне вучылі, што паміж паэзіяй і прозай няма ніякай розьніцы, хіба што розьніца існуе ў рытме. У прозы ён менш акцэнтаваны. У 1989 годзе Галіна Булыка пазнаёміла мяне з маскоўскім паэтам Юр’ем Кузьняцовым. Ён тады гасьцяваў у Менску. І вось частую я ў сябе дома вялікага расейскага паэта кавай (дарэчы, ад гарэлкі ён адмовіўся) і пытаюся: “А чаму вы, Юры Палікарпавіч, ня пішаце прозу?” Ён адказвае: “Уся мая проза ў маёй паэзіі”.

І ўсё ж ёсьць, скажу так, тэмы ўласна празаічныя. І кожны паэт мусіць напісаць кніжку добрай практычнай прозы – ад сьветлага дэтэктыву да дапаможніка, напрыклад, па пчалярстве ці агародніцтве”.

“Без Антона Луцкевіча не было б Беларусі як дзяржавы!” Скобла: “Ведаю, што ты апошнім часам працуеш над тэмай “Антон Луцкевіч і Давыд-Гарадок”. Што ў выніку павінна атрымацца?”

Дранько-Майсюк: “У выніку павінна атрымацца аповесьць-п’еса. Яна будзе называцца “Зь Вільні ў Давыд-Гарадок, і з Давыд-Гарадка ў Вільню”. Дзякуючы Анатолю Сідарэвічу, ягонай стараннай, высокапрафэсійнай працы па вяртаньні вялікай спадчыны Антона Луцкевіча, дзякуючы Сяргею Дубаўцу, ягонаму аналітычнаму мастацтву, праз якое эпоха Луцкевіча наблізілася да мяне, дзякуючы клопату прафэсара Ўладзімера Міхнюка і сапраўднага паэта архіўнай прасторы Віталя Скалабана, я адчуў, што мушу напісаць сваю прозу пра дырэктара Беларускага музэя ў Вільні Антона Луцкевіча.

Менавіта ў такой якасьці ён прыехаў у 1936 годзе ў Давыд-Гарадок, каб дасьледаваць дубовыя труны, якія былі знойдзены падчас будаўніцтва царквы на Замкавай гары. Антон Луцкевіч навукова даказаў, што ў гэтых дубовых саркафагах пахаваны давыд-гарадоцкія князі, і самі саркафагі знаходзіліся ў культурным слоі зямлі дванаццатага стагодзьдзя.

Я веру, што неўзабаве наша грамадзтва па-сапраўднаму ацэніць дзейнасьць Антона Луцкевіча. У Менску яму абавязкова будзе пастаўлены помнік, адчынены музэй. Без Антона Луцкевіча не было б Беларусі як дзяржавы!”

“Літаратура – занятак небясьпечны”

Скобла: “Леанід, жыў-быў такі японскі мастак Кацусіка Хакусай – аўтар вядомага альбому “Трыццаць шэсьць відаў Фудзіямы”. Ён пісаў у розных манэрах, і кожнага разу, мяняючы манэру, мяняў і сваё імя. І такіх пэрыядаў у ягоным жыцьці было больш за трыццаць. А ў цябе патрэбы ў псэўданіме ніколі не ўзьнікала?”

Дранько-Майсюк: “Я ніколі не карыстаўся псэўданімамі. Ёсьць такі панятак – гетэранімія, гетэранімны – азначае “рознаіменны”. Нашы паэты, нашы клясыкі любілі па неабходнасьці (сацыяльнай і палітычнай) мастацтва гетэраніміі. Успомнім шматлікія псэўданімы Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Францішка Багушэвіча, Цёткі... Літаратура – занятак небясьпечны, і таму аўтар звычайна прыкрываў сваё сапраўднае прозьвішча выдуманым імем. А яшчэ, каб стварыць уражаньне, што, напрыклад, ён, Францішак Багушэвіч, у мастацкім пісьменстве не адзін.

Варта тут згадаць і вялікага партугальскага паэта Фэрнанду Пэсоа, сапраўднага караля рознаіменнасьці. У яго былі дзясяткі й дзясяткі псэўданімаў. Кожны свой рукапіс ён падпісваў новым прозьвішчам, даваў гэтаму прозьвішчу біяграфію і, па сутнасьці, ствараў новага пісьменьніка. Псэўданім, нават расшыфраваны, заўсёды мае адценьне таямнічасьці”.

“Мы – краіна расьцярушаных архіваў”

Скобла: “6 кастрычніка ў Беларусі адзначаўся Дзень архівіста. Ці зьбіраеш ты архіў, ці згодны з Барысам Пастарнакам, які пісаў: “Не надо заводить архива, над рукописями трястись”?

Дранько-Майсюк: “Мы – краіна расьцярушаных, а то й наогул згубленых архіваў. Мы – прастора кепска вывучаных архіваў. Таму ўсё тое станоўчае, што робіцца ў галіне архівістыкі, у мяне выклікае вялікую павагу. Сяргей Шупа сабраў два вялікія тамы архіваў БНР. Гэтая праца заслугоўвае ордэна Ганаровага Легіёна. Вельмі плённа працуе дасьледчык Віталь Скалабан. Дакумэнталістыка робіць мастацкае мысьленьне дысцыплінаваным, дапамагае пазьбягаць фантазійных выкрунтасаў.

Я зьбіраю архіў, але пад замком не трымаю. Маім фотаархівам карыстаюцца журналісты (асабліва іканаграфіяй 1930 гадоў), а мае рукапісы паступова пераходзяць на захаваньне ў Музэй гісторыі беларускай літаратуры”.

“Кнігарні выжывуць гэтак жа, як выжылі цэрквы”

Скобла: “Днямі зь Віцебску прыйшла навіна – тамтэйшыя ўлады загадалі ў гарадзкіх кнігарнях гандляваць цыгарэтамі. І кніжныя стэлажы стаяць поруч з цыгарэтнымі. Як табе падабаецца гэткае суседзтва?”

Дранько-Майсюк: “Павінна быць культура гандлю, і прадаваць цыгарэты ці віно поруч з кнігамі – няправільна. Так быць не павінна. Памятаю, як на пачатку 1990-х гадоў пачалі зьнікаць бібліятэкі, іх забіралі пад кабінэты, усялякія дзелавыя ўстановы. У нашы дні зьнікаюць кнігарні. Вось прадавалі кнігі ў падземным пераходзе станцыі мэтро “Кастрычніцкая”, а цяпер там прадаюць віно. Літаральна на маіх вачах зьнікла кнігарня “Ноты”, яна была на вуліцы Леніна – цяпер там крама па продажы мабільных тэлефонаў (далькажыкаў). Сёньняшняя офісна-глянцавая цывілізацыя засоўвае кнігарні ў цёмны кут, і пакуль яна перамагае. Спадзяюся, такі стан рэчаў часовы, фатальных наступстваў ня будзе. Кнігарні выжывуць гэтак жа, як выжылі цэрквы”.

Скобла: “Ёсьць такая прыродная зьява – балотны агонь, агонь, які гарыць пад зямлёй, у залежах торфу. Наверсе яго тушаць, заліваюць вадой, але ў глыбіні ён недасягальны. Мне здаецца, балотны агонь – добрая мэтафара беларускай культуры. Мы ж – людзі на балоце. Як доўга культура можа існаваць ва ўмовах падзем’я? Усё ж прыток сьвежага паветра любому агню патрэбен, у тым ліку й творчаму”.

Дранько-Майсюк: “Каранёвая сыстэма беларускай культуры вельмі глыбокая. А агонь ня толькі спапяляе, ня толькі спальвае, агонь – асьвятляе, агонь грэе. Я думаю, што згаданы табою невынішчальны балотны агонь сагравае і асьвятляе наш шлях у нашу нацыянальную будучыню”.
XS
SM
MD
LG