Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнт у Магілёве атрымаў вымову за патрабаваньне адваката


Радыё Свабода, Магілёў Студэнта другога курсу дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Яўгена Бойку пакаралі вымовай. Абгрунтавалі гэта “некарэктнымі паводзінамі ў дэканаце замежных моваў”. Інцыдэнт здарыўся падчас наведваньня дэканату супрацоўнікам КДБ.

Яўген Бойка быў сярод затрыманых дваццаці актывістаў, якія спрабавалі наладзіць 8 верасьня сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы ў Лубускім лесапарку Магілёва.

Сярод затрыманых было шмат студэнтаў унівэрсытэту. Раніцой гэта ж дня хлопец ня змог дабрацца да Крапівенскага поля. Міліцыянты высадзілі яго зь цягніка Магілёў — Ворша.

Як паведаміў “Свабодзе” спадар Бойка, неўзабаве пасьля затрыманьня да студэнтаў пачалі прыходзіць супрацоўнікі КДБ і размаўляць сам-насам.

Да яго асабіста зьвярнулася студэнтка з факультэту замежных моваў Алеся — папрасіла папрысутнічаць падчас гутаркі з супрацоўнікам КДБ.

“Супрацоўнік КДБ не дазволіў мне прысутнічаць і запатрабаваў, каб я пакінуў дэканат. Я адмовіўся і пачаў патрабаваць для дзяўчыны адваката альбо грамадзкага прадстаўніка. Тады кадэбіст сказаў, што гутаркі не атрымаецца, і ня стаў гаварыць з Алесяй”, — апавёў Яўген Бойка.

Учора студэнту паведамілі, што яму вынесьлі вымову за некарэтныя паводзіны ў дэканаце замежных моваў. Падставай для пакараньня сталася нібыта службовая запіска дэкана гэтага факультэту. Дакумэнт хлопцу не паказалі, але азнаёмілі з загадам.

У дэканаце гістарычнага факультэту пацьвердзілі “Свабодзе”, што вымова студэнту Бойку вынесеная. Нагодай для пакараньня палічылі некарэктныя паводзіны студэнта ў дэканаце замежных моваў.

“Ніякай палітыкі тут няма. Ён уварваўся ў кабінэт, калі там гутарылі, і пачаў нечага патрабаваць. Наагул жа ў Бойкі кепскія паводзіны, і рэгулярна канфліктуе з выкладчыкамі”, — паведамілі ў дэканаце.

Яўген Бойка ня мае праблемаў з вучобай. Ён кажа, што яго сярэдні бал — шасьцёрка. У яго ёсьць пропускі, і цяпер праз вымову ён непакоіцца, што яго могуць адлічыць з унівэрсытэту.

Магілёў, 10.10.2007. Студэнт Яўген Бойка атрымаў вымову за патрабаваньне адваката

• Актывістаў прымусілі сысьці зь цягніка Магілёў — Ворша, 8.09.2007 • Затрыманыя ўдзельнікі сьвяткаваньня Дня вайсковай славы ў Магілёве на волі , 8.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG