Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: старшыню арганізацыі АГП арыштавалі на 7 сутак


Радыё Свабода, Гомель Затрыманага ўчора старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова суд Чыгуначнага раёну асудзіў на 7 сутак арышту.

Пастанову падпісаў судзьдзя Яраслаў Парэмскі. Не залічылі каля 15 гадзінаў, якія Васіль Палякоў правёў у міліцыі й ізалятары часовага ўтрыманьня.

Разьбіралі справу за зачыненымі дзьвярыма. На суд не змаглі трапіць ні сябры, ні нават жонка палітыка Сьвятлана. Яны чакалі Палякова ля цэнтральнага ўваходу ў суд больш за чатыры гадзіны, а яго завялі ў будынак з чорнага ўваходу.

Спадара Палякова абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы на вуліцы Кірава.

Адна з заяўніц — Натальля Пруднікава, супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомелю.

Жонка палітыка спадарыня Сьвятлана лічыць вырак абсурдным:

“Ніколі ніводнага кепскага слова я ад Васіля ня чула. Ніколі! Гэта я вам шчыра кажу”.

Назіральнікі мяркуюць, што арышт Васіля Палякова й ягонага намесьніка ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прыхільніка руху “За Свабоду” Ўладзімера Кацоры невыпадковы.

Яны зьвязваюць яго з заплянаванай на 12 кастрычніка сустрэчай у Гомелі апазыцыйных актывістаў з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу, а таксама з “Эўрапейскім маршам” у Менску.

Гаворыць гомельская актывістка АГП спадарыня Кацярына:

“Калі ладзяцца нейкія вялікія акцыі апазыцыі, заўсёды адбываюцца рэпрэсіі. Гэтая практыка адладжаная, яна ўжо зацьвердзілася. Ахоўнікі нават не прыдумляюць нейкіх прычынаў. Яны пішуць гэтыя пратаколы як пад кальку — лаяўся матам, супраціўляўся міліцыі. У гэтай улады, у гэтага рэжыму ўсё як на канвэеры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG