Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сарказі з Пуціным на “ты”


Тацяна Поклад, Прага Сёньня – другі дзень афіцыйнага візыту прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі ў Расею. Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Сарказі сказаў, што ён і Пуцін у пэўным сэнсе знайшлі агульную мову ў пытаньнях адносна іранскай ядзернай праграмы і будучыні Косава.

Увага міжнародных аглядальнікаў гэтымі днямі накіраваная на магчымыя зьмены ў француска-расейскіх дачыненьнях. Былога прэзыдэнта Францыі Жака Шырака аналітыкі называлі сябрам Уладзімера Пуціна. Цяпер новаабраны прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі ўпершыню наведвае Расею, а напярэдадні ён зрабіў ужо некалькі рэзкіх крытычных заяваў на адрас Уладзімера Пуціна.

На мінулым тыдні Сарказі заявіў, што Расея ўскладняе сытуацыю ў сьвеце, што прынесла ахалоджаньне ў француска-расейскія дачыненьні. Але цягам свайго візыту ў Расею Сарказі, паводле аналітыкаў, імкнецца зрабіць больш прыязнымі свае дачыненьні з Пуціным.

Прамаўляючы сёньня ў часе адкрыцьця сустрэчаў у Крамлі, Сарказі ужыў у звароце да Пуціна нефармальнае “ты”. Сарказі адзначыў, што ўчора адбылася “шчырая і надзвычай цікавая дыскусія” з Пуціным у часе абеду.

Пуцін, як адзначаюць аглядальнікі, таксама выказаўся ў прымірэнчым тоне:

“Францыя заўсёды была, ёсьць – і я спадзяюся – будзе адным з нашых прыярытэтных партнэраў у Эўропе і ў сьвеце. Хачу адзначыць, што дачыненьні нашыя разьвіваюцца пасьпяхова, кантакты на вышэйшым узроўні падтрымліваюцца рэгулярна, гандлёвыя двухбаковыя дачыненьні павялічваюцца”.

Прэзыдэнты Францыі і Расеі абмяркоўвалі пытаньні адносна статусу Косава і іранскай ядзернай праграмы.

Расея выступае супраць заклікаў Францыі ды іншых заходніх краінаў да ўзмацненьня санкцыяў ААН супраць Ірану. Заходнія краіны папярэджваюць, што працы па ўзбагачэньні ўрану могуць быць зьвязаныя з патаемнай распрацоўкай ядзернай зброі. Сарказі сказаў, што пасьля перамоваў з Пуціным іх пазыцыі адносна іранскай ядзернай праграмы сталі “больш блізкімі”. Пуцін, аднак, на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі сёньня ў Маскве сказаў, што няма доказаў распрацоўкі іранскай ядзернай зброі:

“Мы ня маем дадзеных, якія сьведчаць аб тым, што Іран імкнецца да вытворчасьці ядзернай зброі. Такіх аб’ектыўных дадзеных мы ня маем і тамы мы зыходзім з таго, што Іран ня мае такіх плянаў. Але мы падзяляем заклапочанасьць нашых партнэраў у тым, каб усе праграмы Ірану зрабіць цалкам празрыстымі”

Іншыя асноўныя тэмы сёньняшніх перамоваў прэзыдэнтаў Расеі і Францыі – партнэрства Расеі і Эўразьвязу, двухбаковыя дачыненьні. Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве Нікаля Сарказі, каб падкрэсьліць прынцыпы празрыстасьці і ўзаемнасьці, сказаў, што Францыя гатовая даць “рускім сябрам” доступ да сваіх вялікіх кампаніяў і дадаў:

“Я сказаў прэзыдэнту Пуціну, што францускія інвэстары гатовыя набываць акцыі вялікіх расейскіх кампаніяў, накшталт “Газпрому”, напрыклад. З боку Францыі ня будзе пратэкцыянізму. Мы выступаем за прынцып узаемнасьці”.

Сарказі таксама паведаміў, што яны з Пуціным зблізілі свае пазыцыі ў пытаньні Косава, але не падаў ніякіх падрабязнасьцяў.

Сёньня раніцай на сустрэчы са студэнтамі Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага унівэрсытэту імя Баумана Сарказі адзначыў, што сяброўства паміж Францыяй і Расеяй неабходнае дзеля стабільнасьці ў сьвеце. На сёньня заплянаваная і сустрэча прэзыдэнта Францыі з расейскімі праваабаронцамі. Раней Сарказі заклікаў расейскія ўлады шанаваць правы чалавека і прынцыпы дэмакратыі, а ў часе выступу перад студэнтамі адзначыў, што сьвет быў “удзячны”, калі б Расея будавала дэмакратычнае грамадзтва.

• Рэзкі крытык Расеі наведвае Маскву, 9.10.2007
XS
SM
MD
LG