Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Страх уладаў нічым не матываваны”


Ганна Соўсь, Менск Беларускія палітыкі камэнтуюць рашэньне менскіх уладаў наконт “Эўрапейскага маршу” і выказваюць стаўленьне да фармату гэтай вулічнай акцыі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зьвяртае ўвагу на тое, што ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі напярэдадні “Эўрапейскага маршу” — гэта і арышты актывістаў, і ператрусы, і затрыманьні накладаў незалежных газэтаў “Товарищ” і “Народная воля”.

“Ня трэба заплюшчваць вочы на тое, што робяць уладныя структуры ў апошнія дні. Для мяне гэта ёсьць дэманстрацыяй у агульнанацыянальным маштабе страху перад падрыхтоўкай і правядзеньнем і “Эўрапейскага” і “Сацыяльнага” маршаў.

Мы згадаем правакацыі, якія былі супраць кіраўнікоў аргкамітэтаў “Эўрапейскага” і “Сацыяльнага” маршаў Віктара Івашкевіча і Валер’я Ўхналёва. І гэта не апошняя правакацыя.

Учора адбыліся арышты і затрыманьні ў Гомелі й Горадні. Нічым не матываваным мне падаецца страх уладаў перад правядзеньнем вулічных акцый”, — лічыць Анатоль Лябедзька.

“Днямі мы будзем ведаць, хто атрымаў візы”

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначае, што на “Эўрапейскі марш” запрошаныя прадстаўнікі Эўрапарлямэнту і парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу.

“Людзі робяць захады, каб атрымаць візы. Днямі мы будзем ведаць, хто гэтыя візы атрымаў, і хто рэальна будзе спрабаваць перасекчы мяжу.

Цяпер паступаюць прывітаньні “Эўрапейскаму маршу” ад тых, хто з прычыны занятасьці альбо ўдзелу ў мясцовых палітычных кампаніях не даедзе. Мы іх агучым на самім маршы”, — паведаміў Вінцук Вячорка.

Сябра Партыі БНФ Юры Хадыка цалкам падтрымлівае прынятае арганізатарамі “Эўрапейскага маршу” рашэньне.

“Я ў захапленьні ад той тактыкі, якую цяпер рэалізоўвае спадар Віктар Івашкевіч. Цяпер мы бачым усю недарэчнасьць гэтай улады, яе няздольнасьць рэагаваць на жыцьцёвыя патрэбы нашага насельніцтва”.

“Я асабіста на Бангалор ісьці не зьбіраюся”

Лідэр стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец лічыць, што маршрут акцыі адпавядае дэкляраванай аб’яднанымі дэмсіламі палітыцы пошуку паразуменьня з уладамі.

“Маршрут, канечне, сумнаваты. Але калі арганізатары ставілі задачу сабраць як мага больш людзей і прыцягнуць эўрапейцаў да гэтага... Апроч таго, шмат разоў гучалі заклікі да паразуменьня з уладамі, то такі маршрут адпавядае фармату”.

Лідэр пазбаўленай рэгістрацыі сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада Мікола Статкевіч возьме ўдзел у “Эўрапейскім маршы”, аднак пойдзе ад Кастрычніцкай плошчы па праспэкце Незалежнасьці, і не на Бангалор.

“Такое рашэньне ўладаў — гэта правакацыя супраць прыхільнікаў эўрапейскай інтэграцыі, якая адна толькі можа ўратаваць нашу незалежнасьць. Скіраваная гэтая правакацыя на тое, каб паменшыць колькасьць удзельнікаў маршу. Таму што многія людзі, якія за Эўропу, дэманстраваць гэта на Бангалоры ня будуць.

Безумоўна, цяжка цяпер пераарыентаваць людзей з Кастрычніцкай плошчы, пра якую ішла інфармацыя, на Акадэмію навук. Я асабіста на Бангалор ісьці не зьбіраюся”.

“Гэта можна расцэньваць толькі як дзеяньні супраць Беларусі”

“Маршам правакатараў, якія зьневажаюць народ”, назваў “Эўрапейскі марш” лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі лічыць, што “Эўрапейскі марш”, як і кастрычніцкая акцыі апазыцыі ў 2001 годзе мае за мэту перашкодзіць шэсьцю і мітынгу на Дзяды.

“Гэта была абсалютна правальная акцыя, у прынцыпе скіраваная супраць Дзядоў, якія традыцыйна праходзяць пад беларускімі, антыімпэрскімі лёзунгамі.

А тут бязь ярка акрэсьленых лёзунгаў у той час, калі адбываецца цынічная, пасьлядоўная палітыка Масквы па ліквідацыі ўсяго беларускага акупацыйным прамаскоўскім рэжымам, то гэта можна расцэньваць толькі як дзеяньні супраць Беларусі”, — лічыць Юрась Беленькі.

• “Эўрапейскі марш” мае прайсьці ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор , 10.10.2007
XS
SM
MD
LG