Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўрапейскі марш” мае прайсьці ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор


Любоў Лунёва, Менск Менскія гарадзкія ўлады дазволілі правесьці “Эўрапейскі марш” ад будынку прэзыдыюму Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Арганізатары акцыі разьлічваюць правесьці мітынг у парку Дружбы народаў.

Старшыня аргкамітэту ў падрыхтоўцы “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч агучыў рашэньне гарадзкіх уладаў падчас прэсавай канфэрэнцыі. Шэсьце дазволілі ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

Арганізатары акцыі плянавалі 14 кастрычніка ў 14 гадзінаў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і адтуль прайсьці праспэктам Францішка Скарыны да будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Улады не пагадзіліся на заяўлены варыянт і прапанавалі іншы маршрут.

Менск, 10.10.2007. Прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў Эўрапейскага маршу

Арганізатары “Эўрапейскага маршу” паведамілі на прэсавай канфэрэнцыі, што хочуць захаваць мірны характар акцыі, мэта якой — паінфармаваць грамадзкасьць пра 12 умоваў камісіі Эўрапарлямэнту да беларускіх уладаў.

Гаворыць Аляксандар Мілінкевіч:

“Для нас вельмі важна, каб гэта быў марш ня супраць. За Эўропу, за эўрапейскі шлях. Таму большасьць людзей прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу, бо ўлада загадзя не папярэдзіла.

Мы таксама прыйдзем і спакойна пойдзем да Акадэміі навук. Па дарозе да нас далучацца прыхільныя людзі. Ад Акадэміі пойдзем на Бангалор.

Я, дарэчы, казаў, што на Бангалор не хачу хадзіць, бо гэта прыніжэньне нас. Але ёсьць некаторыя абставіны, калі я, сьціснуўшы зубы, пайду, бо на Бангалоры могуць выступіць прадстаўнікі Эўразьвязу. Там і толькі там, бо на несанкцыянаваны мітынг яны ня пойдуць. Нам іх выступ вельмі важны”.

Менск, 10.10.2007. Прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў Эўрапейскага маршу

Віктар Івашкевіч апавёў, што на сустрэчы з чыноўнікамі Менгарвыканкаму яму казалі, што чакаюць карэспандэнтаў БТ і ОНТ, але потым адмянілі сваё рашэньне. Інфармацыі пра апазыцыйную акцыю афіцыйныя СМІ распаўсюджваць ня будуць.

Старшыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч заявіў:

“У сувязі з тым, што Менгарвыканкам адмаўляецца распаўсюджваць і нават блякуе інфармацыю пра сваё ж рашэньне, я адчуваю сябе адказным давесьці да ведама людзей рашэньне Менгарвыканкаму.

Таму пэрсанальна вазьму памножаныя копіі рашэньня Менгарвыканкаму, брашуркі Эўразьвязу пра тое, што можа Эўразьвяз даць для Беларусі, і пайду да прахадных унівэрсытэтаў, заводаў, Менгарвыканкаму, каб яго супрацоўнікі даведаліся аб сваім жа рашэньні”.

Менск, 10.10.2007. Прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў Эўрапейскага маршу

Прадстаўнікі Эўрапарлямэнту выказалі падтрымку акцыі. Назіраць за хадой “Эўрапейскага маршу” будуць амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША, а таксама парлямэнтары, якія зьвярнуліся па візы ў беларускае МЗС.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прыгадаў, што з набліжэньнем даты маршу ўсё больш затрымліваюць актывістаў дэмакратычнага руху. Пачасьціліся ператрусы і выклікі ў КДБ.

Міліцыянты затрымліваюць наклады газэты “Товарищ” з інфармацыяй пра “Эўрапейскі марш”. У маладых людзей на вуліцах даглядаюць рэчы і забіраюць налепкі і эўрапейскую сымболіку.

Арганізатары заявілі, што нават арышт усіх сяброў аргкамітэту і лідэраў партыяў і рухаў не паўплывае на ўдзел у акцыі іншых актывістаў дэмакратычнай часткі грамадзкасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG