Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску знаходзіцца дэлегацыя Эўракамісіі


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску знаходзіцца зь візытам дэлегацыя Эўрапейскай камісіі на чале з кіраўніком аддзелу Ўкраіны, Малдовы і Беларусі генэральнага дырэктара зьнешніх сувязяў Эўракамісіі Гільдэ Гардэман. Як гаворыцца ў паведамленьні беларускага Міністэрства замежных справаў, дэлегацыя прыбыла “для абмеркаваньня шырокага кола пытаньняў стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю”.

Візыт працягнецца да 11 кастрычніка.

Кіраўнік менскага офіса TACIS Яніс Айзсалніекс сказаў:

“Спадарыня Гардэман прыехала ў Менск у рамках рэгулярнага абмену думкамі зь беларускімі дзяржаўнымі арганізацыямі й няўрадавым сэктарам. Мэта гэтага візыту — яшчэ раз пацьвердзіць гатоўнасьць Эўразьвязу да больш цеснага супрацоўніцтва — канечне, пры ўмове, што тыя пытаньні, якія згаданыя ў дванаццаці пунктах аб тым, што ЭЗ можа даць Беларусі, будуць выконвацца.

Адзін з канкрэтных момантаў, які будзе абмяркоўвацца і які нас вельмі цікавіць, гэта тэрміны адкрыцьця прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску. Гатоўнасьць да такога кроку беларускі бок выказаў у красавіку гэтага году.

Гэта больш тэхнічны візыт, бо ён адбываецца ў рамках рэгулярных сустрэчаў, якія адбываюцца ў Менску і ў Брусэлі”.

Спадар Айзсалніекс таксама сказаў, што пытаньні візавыя, ва ўсякім разе з боку дэлегацыі Эўракамісіі, падчас перамоваў падымацца ня будуць.

Дэлегацыя правядзе сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта і ў беларускім МЗС, а таксама з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці.

Адзін з удзельнікаў сустрэчаў з дэлегацыяй Эўрапейскай камісіі — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Ён паведаміў, што мяркуе распавесьці пра эканамічную сытуацыю ў краіне:

“Эўракамісія зацікаўленая ў тым, што адбываецца ў Беларусі. Якое становішча ў эканоміцы, як паводзіць сябе ўрад, як беларускі ўрад ставіцца да Эўразьвязу і гэтак далей”.

Нагадаем, што на пачатку году ў Менск прыяжджала таксама з тэхнічным візытам прадстаўніца бюро Хавіера Саляны Гэльга Шміт. Па выніках візыту ніякай інфармацыі не падавалася.

• Эўракамісія хоча адкрыць офіс у Менску — Беларусь ня супраць, 13.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG