Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль на вуліцу ня выйдуць 200 тысяч чалавек — нічога ня зьменіцца”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 10 кастрычніка

І апазыцыя, і ўлада ў гэтыя дні рыхтуюцца да “Эўрапейскага маршу” — масавай акцыі, якую дэмакратычныя партыі й рухі мяркуюць правесьці 14 кастрычніка ў Менску.

На гэтую ж тэму і многія лісты, якія прыходзяць на адрас “Свабоды”. Пачну сёньняшнюю размову з двух такіх допісаў.

Нам піша Віктар Камянкоў зь Менску:

“На акцыі апазыцыі я хадзіў да 1996 году. Потым зразумеў: усё бескарысна. Пакуль на вуліцу ня выйдуць хаця б 200 тысяч чалавек і пакуль яны ня будуць гатовыя стаяць суткамі, дамагаючыся свайго, нічога ня зьменіцца.

А ў Беларусі 200 тысяч выходзілі хіба што ў камуністычны час, калі на дэманстрацыі заганялі гвалтам. Ды яшчэ, можа, на пачатку 1990-х, калі ў тры разы падаражэла каўбаса.

Цяперашнія ўлады больш разумныя: каўбаса даражэе кожны тыдзень, але пакрысе. І народ да гэтага прывыкае.

На “Эўрапейскі марш” прыйдуць некалькі тысяч чалавек. Як заўсёды, арганізатараў потым пацягнуць у суд: кагосьці пасадзяць, кагосьці выключаць з унівэрсытэту, кагосьці аштрафуюць. Сумна ўсё гэта”.

Свой погляд на “Эўрапейскі марш” у берасьцейскага студэнта Сяргея Міхальчука:

“Калі на “Эўрапейскі марш” прыйдзе мала людзей, дык гэта віна арганізатараў. Дзе ўлёткі, дзе налепкі? Чаму нідзе няма апазыцыйных газэтаў? Лідэры апазыцыі сядзяць і нічога ня робяць — толькі езьдзяць за мяжу на бескарысныя канфэрэнцыі ды сустрэчы. А павінны працаваць у масах — натхняць, падахвочваць, арганізоўваць”.

Вялікая частка накладаў тых улётак і налепак, якія плянавала распаўсюджваць апазыцыя, апынуліся пад арыштам у міліцыі. Апошнім часам пра падобныя здарэньні мы ня раз паведамлялі. Гэта ж датычыць і апазыцыйных газэтаў, якіх у Беларусі засталося вельмі мала. І зусім не таму, што пра гэта не паклапацілася апазыцыя.

Наш даўні аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваіх новых нататках таксама спрабуе адказаць на пытаньне аб плённасьці двух восеньскіх маршаў апазыцыі.

На думку слухача, на тле рэальнай перадвыбарнай барацьбы ў суседніх Расеі, Украіне і Польшчы, у Беларусі калі і ёсьць нейкая інтрыга, дык толькі вакол меркаванага праекту “Пераемнік” ды, магчыма, зьвязанай зь ім нядаўняй адстаўкі сьпікера Канаплёва. Алесь Марціновіч прыходзіць да наступнай высновы:

“Менавіта дэфіцыт барацьбы намэнклятурна-алігархічных групаў і ёсьць у выніку перашкодай для руху Беларусі шляхам дэмакратыі. Бо беларуская дзяржава сёньня існуе ў форме адной алігархічнай групы…

Манапалізм алігархічнага холдынгу “Лукашэнка і сын” неабходна драбніць, падзяляць. І толькі алігархічныя энэргакропкі змогуць неяк абудзіць шэрую і вялую апалітычную масу беларускага абыватальства. Вось пра гэта і павінна клапаціцца апазыцыя — пра стварэньне алігархаў, раз не было ў нас сваіх Кучмы ды Ельцына.

Натуральная канкурэнцыя алігархічных групаў створыць у Беларусі спрыяльнае асяродзьдзе для руху грамадзтва наперад. Вось гэтак па-свойму рухаюцца наперад Расея ды Ўкраіна. А да аўтарытарнага Казахстану зь ягонай сыравінай нават някепска ставяцца на Захадзе.

Без алігархічнага пэрыяду і падушкі пераходнага зьмякчэньня дэмакратыі, застаўшыся сам-насам з народам, у спробах правесьці рэформы паводле мадэлі васьмі новых сяброў Эўразьвязу ў беларускіх умовах адразу ж трапяць у сытуацыю размовы сьляпога зь нямым.

Без алігархіі нават немагчыма будзе беларусізаваць афіцыёз і вярхі (варыянт Украіны). Толькі выгадны алігархіі патрыятызм здолее прасунуць у масы беларускую ідэю. І менавіта сыстэма алігархіі ў форме манаполіі трымае на паверхні Лукашэнку бясконца доўга — насуперак усім прагнозам”.

І якім жа гэта чынам, спадар Марціновіч, сёньняшняя беларуская апазыцыя можа клапаціцца пра стварэньне новых алігархаў? Запіша гэта як адну з мэтаў у сваіх праграмах і будзе клікаць людзей на вуліцу з заклікамі памнажаць шэрагі алігархічнай буржуазіі?

Няцяжка здагадацца, якім чынам гэта адбілася б і на без таго ня надта высокіх рэйтынгах апазыцыйных лідэраў.

Міхаіл Залескі са Слуцку напісаў на “Свабоду”, даведаўшыся пра тое, што на пачатку лістапада ў Менску прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў камуністычных партыяў сьвету зьбіраюцца адзначаць гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі, якая адбылася ў Расеі ў 1917 годзе:

“Прачытаў гэту вестку — і стала крыўдна, балюча на душы: няўжо мы яшчэ раз пры маўклівасьці й абыякавасьці людзей пацьвердзім усяму сьвету, што Беларусь стала камуністычным запаведнікам?

Няўжо на вуліцы ня выйдуць тысяч дзесяць-дваццаць маладых людзей, а таксама старэйшых, якія не забылі, як у 1930—1950-я гады камуністычная дыктатура рэпрэсавала ў Беларусі больш як 700 тысяч чалавек, а яшчэ 50 тысяч расстраляла толькі ў 1937—1938 гадах?

Не спадзяюся, што нашчадкі крывавага Сталіна наведаюць Курапаты і папросяць прабачэньня ў дзясяткаў тысяч расстраляных. Гасьцей, хутчэй, павязуць на так званую “Лінію Сталіна”, будуць даказваць, як гераічна трымалі там абарону чырвонаармейцы.

Хоць, як вядома, фашысты на шосты дзень вайны занялі Менск. А праз дванаццаць дзён — Барысаў і Воршу. А можа, улады яшчэ адумаюцца і перагледзяць сваю згубную для прэстыжу краіны згоду прыняць камуністычных дзеячаў і паставяць кардон на шляху камуністычнай навалачы?”

Ня думаю, спадар Залескі, што лістападаўская канфэрэнцыя камуністычных актывістаў будзе мець такія фатальныя наступствы для прэстыжу Беларусі ў сьвеце.

Узровень гэтага “прэстыжу” мяняўся і складваўся на працягу доўгіх гадоў, і пад уплывам значна больш важкіх фактараў, чым партыйныя сходы якой бы там ні было скіраванасьці.

А пра Беларусь як пра камуністычны запаведнік гаварыць сёньня не выпадае. Цяперашні эканамічны курс беларускага кіраўніцтва мае мала агульнага з камуністычнымі ідэаламі ды прынцыпамі: ні табе дыктатуры пралетарыяту, ні вынішчэньня буржуазіі, ні забароны на прыватную ўласнасьць на сродкі вытворчасьці.

Наадварот, пачынаецца пэрыяд, калі дзяржава вымушана ўсё больш актыўна перадаваць сваю ўласнасьць, якой ня ўмее эфэктыўна распараджацца, у прыватныя рукі.

Дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску ў сваім новым лісьце разважае пра сёньняшнія беларускія рэаліі і пра сутнасьць праваабарончага руху:

“Са школьнай парты слухаю Радыё Свабода. Не лічу яго варожай станцыяй. Там шмат людзей, якія жадаюць нашай краіне дабра і стабільнасьці.

Сам я праваабаронца, можа, у значна большай ступені, чым тыя, хто крычаць на плошчах і б’юць сябе ў грудзі, дамагаючыся аднаго — ільготнай візы і статусу дысыдэнта, а зь ім — і “пад’ёмных”, стыпэндыяў, грантаў ды іншага.

Я змагаюся законнымі мэтадамі. За зьмену законаў, якія дазваляюць правакаваць няўгодных асобаў на правапарушэньне, а потым хапаць і саджаць іх. Маю на ўвазе розныя апэратыўныя экспэрымэнты ды правакацыі.

Абараняю права абяздоленых і незаконна пакрыўджаных. А зброя — тыя ж указы прэзыдэнта (у існасьці, вельмі дэмакратычныя, дзеля паляпшэньня жыцьця). Але на месцах яны часта не працуюць. Выяжджаюць камісіі, правяраюць мае звароты, ухіляюць недахопы. Дапамагаю зьняволеным. І, вядома, няўгодны камусьці.

Гэты ліст пішу вам з Дуброўна. Накіраваны ў камандзіроўку як пэдыятар. Ня едуць сюды дактары. Хоць і кватэры даюць сучасныя, з усімі выгодамі. Камандзіроўка добраахвотна-абавязковая, але для мяне яна аказалася лепшай за ўзнагароду.

Дуброўна — прыгожы горад, увесь у кветках. Чыста, дагледжана, як у Віцебску. Быў тут дзесяць гадоў таму, у 1996-м, калі зь сябрамі з БНФ езьдзілі распаўсюджваць улёткі за Зянона Станіслававіча. Тады гэта быў разьбіты гарадок — бруд, бездарожжа. А сёньня расквітнеў, нібы сапраўдны раён сталіцы”.

А вы ўпэўнены, спадар Пасноў, што тыя людзі, якія выходзяць на плошчу, ставяць на мэце выключна асабістыя карысьлівыя інтарэсы?

Вы не дапускаеце думкі, што большасьць іх не зьбіраецца нікуды зьяжджаць са сваёй радзімы, што адзіная іхная мэта — дамагчыся, каб годнае жыцьцё было тут, на сваёй зямлі?

Каб улада мянялася ў выніку справядлівых выбараў, а не заставалася нязьменнай на працягу дзесяцігодзьдзяў; каб у парлямэнце гучалі галасы ня толькі тых, хто гатовы падтрымаць любое рашэньне прэзыдэнта, якім бы яно ні было; каб па тэлебачаньні паказвалі ня толькі тых, каму добра жывецца і хто ўсім задаволены?

І заўважце, спадар Пасноў: і паводле дзейнага беларускага заканадаўства, і паводле ўсіх міжнародных канвэнцыяў, якія ратыфікавала Беларусь, беларускія грамадзяне маюць права на такія пратэсты, на дэманстрацыяю сваіх поглядаў і перакананьняў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG