Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Звольнена 27 урадоўцаў, якія ў працягу 2-х гадовага часу не патрапілі навучыцца беларускай мовы”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 10 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1927 году паведамляе з Савецкай Беларусі: “Менская газэта “Зьвезда” піша, што 70 проц. урадавых устаноў у Рад. Беларусі аканчальна збеларушчаны. Звольнена 27 урадоўцаў, якія ў працягу дадзенага ім 2-х гадовага часу не патрапілі навучыцца беларускай мовы. Відаць бальшавіцкая ўлада не дадумалася аднаго: замест загадаваць Маскоўцам вучыцца беларускай мовы, лепш абсаджваць урадавыя становішчы Беларусамі”.

“ЛіМ” на гэтым тыдні 1957 году дае слова паэту Аляксею Зарыцкаму, які гэтак адрэагаваў на запуск першага штучнага спадарожніка Зямлі:

Я, малы спадарожнік вялікай Зямлі, Вам з нябёсаў кажу, недаступных учора, Пада мной кантыненты зямныя прайшлі, Акіянаў зямных прамільгнула прастора… Я маланкаю ўпасці-б на ворагаў мог, Знішчыць іхнія хцівыя зграі дазвання, Толькі я нарадзіўся для мірных дарог, І высокае, мірнае маю прызванне.

Пасьля выхаду з турмы Павал Шарамет гэтак выказаўся на старонках газэты “Імя” ў 1997 годзе: “Тры галоўныя высновы я зрабіў. Ад астрогу няма перасьцярогу; чыстасардэчнае прызнаньне аблягчае працу сьледчаму і падаўжае тэрмін; і ня вер аніводнаму слову міліцыянтаў. Гэта — чыстая праўда, і яе варта памятаць, асабліва беларускім журналістам, таму што цяпер я ведаю — у гэтай краіне для ўлады няма нічога немагчымага. І галоўны запавет турмы — ня вер, ня бойся, не прасі!”
XS
SM
MD
LG