Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаўскім раёне займаюцца нелегальным экспартам мяса ў Расею?


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнага друку

“Народная воля" піша пра скандал, які не сьціхае вакол выбараў старшыні Каладзішчанскага сельсавету – Алега Іванько. Яго абралі ў часе сэсіі Менскага райсавету, 13 сакавіка сёлета. Гэтую кандыдатуру прапанаваў старшыня Менскага райвыканкаму Міхаіл Глінскі, хоць большасьць дэпутатаў да гэтага двойчы галасавала супраць спадара Іванько. Аднак заканадаўцаў усё ж прымусілі абраць кандыдата ад вэртыкалі. Дэпутаты зьвярнуліся ў пракуратуру. 17 верасьня сабралася іншая сэсія райсавету, якая прызнала абраньне Алега Іванько старшынём Каладзішчанскага сельсавету незаконным. Але гісторыя мае свой працяг: дэпутатаў, якія падавалі заяву ў пракуратуру, у якасьці кандыдатаў на пасаду старшыні Каладзішчанскага сельсавету вырашана не вылучаць. Алег Іванько працягвае выконваць абавязкі старшыні, і яго патэнцыйна могуць вылучыць зноў.

Газэта “Вольны горад" паведамляе пра тое, што ў Крычаве працуе група сталічных экспэртаў у справе барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю – нібыта ў Крычаўскім раёне зарэгістраваныя факты нелегальнага экспарту мяса ў Расею. Апавядае рэдактар «Вольнага гораду» Сяржук Няроўны.

«Закупачныя цэны ў Расеі значна вышэйшыя, таму ня толькі прыватныя асобы спрабуюць штосьці зарабіць, скупаючы тут мяса й прадаючы ў Расею, але й нават калгасы».

"Бобруйский курьер" правёў апытаньне сярод жыхароў Бабруйску, ці баяцца яны сабак на вуліцах. Апытаньне зробленае з нагоды таго, што Палата прадстаўнікоў рыхтуе новы законапраект, які можа зрабіць правілы ўтрыманьня хатніх жывёлаў больш жорсткімі. Героі апытаньня сабак увогуле не баяцца. Так, адзін з рэспандэнтаў кажа, што калі бачыць пса пагрозьлівага выгляду, дык імітуе кідок камянём, каб самому напужаць жывёлу.
XS
SM
MD
LG