Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу Зьмітра Дашкевіча перадалі ў пракуратуру


Любоў Лунёва, Менск Новую крымінальную справу супраць сустаршыні “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча перадалі ў шклоўскую пракуратуру. Зьмітра Дашкевіча абвінавачваюць у адмове сьведчыць супраць сяброў “Маладога фронту”. Зьміцер сам адбывае паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Цяпер яму пагражае новы тэрмін зьняволеньня, які ён можа адбываць у той жа шклоўскай турме.

Крымінальную справу супраць Зьмітра Дашкевіча за адмову даваць паказаньні супраць сваіх паплечнікаў распачалі шклоўскія міліцыянты. Раней на прапанову сьледчага салігорскай пракуратуры распачаць крымінальны перасьлед маладафронтаўца шклоўскія калегі далі адмоўны адказ.

У выніку весьці справу пагадзіліся шклоўскія міліцыянты. Зьміцер Дашкевіч ня стаў супрацоўнічаць са сьледзтвам, палічыўшы дзеяньні міліцыянтаў незаконнымі. Нягледзячы на гэта, міліцыянты перадалі крымінальную справу ў пракуратуру, каб атрымаць санкцыю для перадачы яе ў суд.

Лідэр пазбаўленай рэгістрацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч падтрымлівае Зьмітра і таксама лічыць новую крымінальную справу парушэньнем нормаў працэсуальнага права:

“Гэты артыкул ня можа быць ужыты, бо, згодна з 27-ым артыкулам Канстытуцыі, грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права адмовіцца сьведчыць супраць самога сябе. А гэтая справа, паводле якой яго дапытваюць, агульная справа супраць усяго “Маладога фронту”. Гэтая крымінальная справа прыцягнутая штучна. Прыцягнутая толькі для таго, каб запалохаць моладзь, каб даць сыгнал, што пакараньне будзе жорсткім, маўляў, ня йдзіце, бо вас жорстка пакараюць”.
”Нам патрэбная кампанія салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам і, безумоўна, годны адказ на такія спробы шантажу і закладніцтва.”
Павал Севярынец лічыць, што моладзевыя актывісты мусяць распачаць у грамадзтве кампанію салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам:

“Фактычна “Малады фронт” цяпер у цэнтры ўвагі. Б’ючы па Дашкевічу, б’юць па тых змагарах, якія цяпер, умоўна кажучы, трымаюць лінію фронту ў змаганьні з рэжымам. Таму гэта пасланьне ўлады нам усім. Як мы на яго адрэагуем – гэта, што называецца, нашая справа. Мне падаецца, што нам патрэбная кампанія салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам, з маладафронтаўцамі і, безумоўна, годны адказ на такія спробы шантажу і закладніцтва”.

Сьледчыя ў розных рэгіёнах Беларусі дапытваюць некалькіх маладафронтаўцаў ў крымінальнай справе, распачатай КДБ супраць “Маладога фронту”. Праз суды прайшлі каля дзясятка актывістаў арганізацыі. Першым судзілі Зьмітра Дашкевіча

Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца пад вартай ад 15 верасьня 2006 году. За час адбыцьця пакараньня адміністрацыя калёніі вынесла яму пяць спагнаньняў за дробныя парушэньні турэмнага рэжыму. У выніку, паводле заканадаўства, ён пазбаўлены магчымасьці выйсьці на волю па амністыі ці ўмоўна-датэрмінова.

Калі пракуратура пагадзіцца з высновамі сьледчых міліцыі і перадасьць справу ў суд, Зьмітру Дашкевічу могуць дадаць яшчэ адзін тэрмін зьняволеньня. Адвакат Зьмітра Аляксандр Галіеў не выключае, што адбываць пакараньне ягоны падабаронны будзе ў той жа шклоўскай турме.

• Зьмітру Дашкевічу пагражаюць новым турэмным тэрмінам, 25.09.2007
XS
SM
MD
LG