Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уціск актывістаў апазыцыі перад Эўрапейскім маршам узмацніўся


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ўвечары супрацоўнікі міліцыі наведаліся на кватэры моладзевых актывістаў. У кватэры актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Аляксандра Атрошчанкава міліцыянты і супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Яны патрабавалі аддаць ім ўсе інфармацыйныя матэрыялы, зьвязаныя з падрыхтоўкаю “Эўрапейскага маршу”.

У кватэру Аляксандра Атрошчанкава менскія міліцыянты ўварваліся праз акно. Кватэра месьціцца на другім паверсе жылога дому № 8 на вуліцы Гарадзкі вал. Міліцыянты адмовіліся назваць свае прозьвішчы і паказаць службовыя пасьведчаньні. Яны параілі добраахвотна аддаць ім усе інфармацыйныя матэрыялы для правядзеньня “Эўрапейскага маршу”.

Пазьней на кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Яны зацікавіліся кампутарамі і паперамі. У кватэру да Аляксандра не пусьцілі ягоную жонку. Яму таксама забаронена было карыстацца тэлефонам.

Аляксандар Атрошчанкаў быў прэсавым сакратаром руху “Зубр”. Пасьля таго, як былы шэф КДБ Сьцяпан Сухарэнка ініцыяваў дадатковы артыкул у Крымінальны кодэкс, які прадугледжваў адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, сябры “Зубра” заявілі пра самароспуск арганізацыі.

Ператрус на кватэры Аляксандра Атрошчанкава супаў па часе з затрыманьнем актывісткі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Насты Азаркі ў Нясьвіжы. Наста апавяла “Свабодзе”, што міліцыянты абвінавацілі яе ў распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі і псаваньні маёмасьці. Паводле гэтага артыкулу яе могуць у камісіі выканкаму пакараць штрафам на некалькі базавых велічыняў. Міліцыянты не вінавацілі дзяўчыну ў распаўсюдзе ўлётак з заклікам удзельнічаць у несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

Наста Азарка паведаміла “Свабодзе”:

“Маё затрыманьне сьведчыць толькі пра тое, што ўлады ня хочуць, каб людзі ведалі пра “Эўрапейскі марш”. Нясьвіскім міліцыянтам у маім выпадку быў дадзены загад спыніць распаўсюджваньне інфармацыі менавіта пра гэтую акцыю”.

На кватэры моладзевых актывістаў наведаліся ўвечары супрацоўнікі міліцыі. Не засьпеўшы іх дома, міліцыянты ня сталі тлумачыць бацькам мэту візыту. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” лічаць, што ўлады далі загад прэвэнтыўна затрымаць некалькі чалавек з найбольш актыўных удзельнікаў вулічных акцыяў.

• Менскія ўлады дазволілі Эўрапейскі Марш, 09.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG