Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нумар газэты “Товарищ” міліцыя трымае пад замком


Алесь Дашчынскі, Менск Рэдакцыя газэты “Товарищ” заклікала сваіх чытачоў напісаць скаргі ў міліцыю Жлобінскага раёну, а таксама на адрас Ленінскага РАУС Менску – і там, і там былі затрыманыя часткі накладу аднаго з нумароў выданьня. 12 дзён таму ў выніку супольнай апэрацыі жлобінскіх і менскіх міліцыянтаў было канфіскавана 14 тысяч асобнікаў грамадзка-палітычнай газэты “Товарищ”.

“Прашу, каб кіраўніцтва РАУС адказала мне, чаму я пазбаўлены права карыстацца свабодай інфармацыі”

Наклад газэты складае 30 тысяч асобнікаў. Таму кнігі скаргаў міліцыі могуць быць хутка запоўненыя. У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім дэкрэтам №2 кожны грамадзянін на свой запыт павінен атрымаць адказ. Самыя актыўныя чытачы газэты “Товарищ” у Жлобіне зрабілі запісы яшчэ да закліку рэдакцыі. У кнізе скаргаў ужо ёсьць чатыры запісы. Насупраць запісаў стаяць штампы, што яны прынятыя да разгляду. Што ж напісаў міліцыянтам сябра Партыі камуністаў беларускай Валер Рыбчанка?

“Я ад свайго распаўсюдніка газэты даведаўся, што яна затрыманая ў Жлобінскім РАУС. Таму прашу, каб кіраўніцтва РАУС адказала мне, чаму я пазбаўлены права карыстацца свабодай інфармацыі”.

Чытач і распаўсюднік газэты са Жлобіна Анатоль Сьцепаненка таксама абураны дзеяньнямі міліцыі:

“Так, так, так. Я заходзіў чацьвёртага кастрычніка ў аддзяленьне міліцыі і рабіў запіс у кнізе заўваг. Я лічу няправільным затрыманьне нумару газэты, бо я зьяўляюся сталым чытачом і прашу органы міліцыі патлумачыць, чаму гэта адбылося. У іх 15 дзён тэрміну. Пакуль што я ніякага адказу не атрымаў”.

Карэспандэнт: “А колькі нумароў вы распаўсюджваеце звычайна?”

“40 – 50, іншы раз 60 нумароў. Вы ж бачыце, зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца яе дастаўляць. Даводзіцца газэту недзе там на далёкіх подступах да гораду раздаваць”.

“Ім трэба пратрымаць газэту да 4 лістапада, пакуль ня пройдзе “Сацыяльны марш”

Галоўны рэдактар газэты Сяргей Вазьняк нагадвае, што заканадаўствам акрэсьлены 10-дзённы тэрмін для праверкі законнасьці друкаваньня СМІ. А сёньня ўжо 12-ы дзень, як наклад газэты “Товарищ” затрыманы. Паводле Сяргея Вазьняка, наўрад ці якія праверкі вядуцца ўвогуле. Прынамсі, яго ў міліцыю дагэтуль не выклікалі:

“Ім трэба пратрымаць да 4 лістапада, пакуль ня пройдзе “Сацыяльны марш”. Бо нумар тэматычны, прысьвечаны “Сацыяльнаму маршу”. Ён яшчэ актуальны. Пасьля 4 лістапада ён страціць сваю актуальнасьць, бо адбудзецца акцыя. Баяцца яны, баяцца”.

Сяргей Вазьняк таксама апавёў, што накіраваў скаргі ў пракуратуру:

“Адна скарга ў Генпракуратуру пайшла ад рэдакцыі па факце канфіскацыі. А другая скарга – у раённую пракуратуру, я асабіста падаў, што да мяне была ўжытая фізычная сіла і ў мяне быў адабраны мабільны тэлефон. У момант канфіскацыі газэты я быў незаконна пазбаўлены сувязі цягам гадзіны. Мне заламалі рукі. Я ўжо быў у сьледчага на допыце, даваў тлумачэньні. А на тую скаргу ў Генпракуратуру пакуль што няма ніякага водгуку”.

“Газэта пад замком”

Я патэлефанаваў у гарадзкі аддзел міліцыі Менску капітану Аляксандру Шчырцу. Ён заявіў, што быў толькі выканаўцам загаду зьверху. Паводле Шчырца, газэта “Товарищ” знаходзіцца ў гарадзкім аддзеле міліцыі:

“Ніхто яе не чытае і не чапае. Была ва ўпакоўцы – так і ляжыць”.

Карэспандэнт: “І ніхто не чытае?”

“Ну, а навошта чапаць чужую маёмасьць?”

Карэспандэнт: “Дык яна зачыненая, у асобным пакоі?”

“Канечне, так, так, так”.

Карэспандэнт: “І доступу да яе няма?”

“Не, яна пад замком. Як жа рэчы захоўваць? Калі іх не зачыняць, іх жа потым ня будзе”.
XS
SM
MD
LG