Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 9 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

Аглядальнік сайту блогаў “Позірк” Алесь Чайчыц дыскутуе з блогерам ant1killer’ам, які ў сваім дзёньніку публікуе развагі пад назвай “Чаму беларусы прыйдуць на Эўрапейскі марш”. ant1killer робіць акцэнт на сацыяльных праблемах: студэнтам адмянілі льготы, маладым спэцыялістам бракуе жытла, сталым людзям – заробку, пэнсіянэрам – пэнсіі. “А вось у Эўропе ўсё па-іншаму”, – піша аўтар допісу.

Алесь Чайчыц камэнтуе: “Чытачу прапануецца зрабіць выснову, што, як “прыйдзе Эўропа”, мы ўсе зажывем шчасьліва і бесклапотна. Але бясплатнага нічога не бывае, і казачнай фэі таксама не бывае, як бы таго ні хацелася. (...) Дэмакратызацыя і вызваленьне эканомікі ад дзяржаўнага цяжару не дадуць людзям дабрабыту – яны дадуць магчымасьць яго дасягнуць праз сумленную працу. Складана змагацца супраць лукашысцкага папулізму без таго, каб рабіцца папулістамі самім”.

Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко цытуе ў сваім блогу абвестку з газэты “Аргументы и факты” пра наўпроставую лінію з кансультантам аддзелу рэлігіі апарату ўпаўнаважанага ў пытаньнях рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Дзяніса Елізарава. Адна з тэмаў для пытаньняў: “Куды зьвяртацца, калі сваякі пасьля наведваньня рэлігійнай арганізацыі пачынаюць весьці сябе неадэкватна?” Аляксандар Шрамко піша: “Наколькі мне вядома, калі сваяк пачынае пасьціць, маліцца, хадзіць кожную нядзелю ў храм, пазьбягаць дыскатэк і вечарынак – гэта амаль заўжды лічыцца ў сьвецкім грамадзтве неадэкватнымі паводзінамі... Цікава, што параіць ім таварыш упаўнаважаны?”

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць афіцыйную інфармацыю пра тое, што 63 выпускнікі-пэдагогі не зьявіліся на працу па месцы разьмеркаваньня. Камэнтары:

“Колькі можна слухаць аб праблемах з выпускнікамі. Калі ў вас не хапае грошай, тады вучыце меней. Усё адно ад вашай адукацыі аніякага толку”;

“І правільна зрабілі, што не паехалі. Цяпер працаваць настаўнікам практычна немагчыма. Мала таго, што плацяць капейкі, дык яшчэ большая частка часу сыходзіць на пісаніну розных плянаў”.

Лідэр гурту “Жыгімонт Ваза” Сяргей Скрыпнічэнка дзеліцца ў сваім дзёньніку ўражаньнямі ад наведваньня сталічнага ўнівэрсаму “Рыга”: “У аддзеле сыроў у наяўнасьці аказаліся толькі імпартныя, і па цэнах прыблізна 4-6$ за 100 грамаў. На пытаньне пра сыр мясцовай вытворчасьці быў адказ: “Ничего не завозят нам, всё гонят на Россию!” Ну, пра тое, што ў нас прадукты ці не найдаражэйшыя у Эўропе, самы паскудны ў Эўропе сэрвіс, я разважаць ня зьбіраюся. Проста адзначу, што сярод набытых прадуктаў у БЕЛАРУСКАЙ краме, беларускай вытворчасьці былі... ТОЛЬКІ ХРЭН І ЯЙКІ!!!”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG