Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзкі крытык Расеі наведвае Маскву


Тацяна Поклад, Прага Упершыню новаабраны прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі наведвае сёньня Расею з афіцыйным візытам. Сарказі, тым часам, ужо вядомы сваёй рэзкай крытыкай на адрас Расеі. Перад двухдзённай паездкай у Расею прэзыдэнт Францыі сустракаўся з кіраўнікамі краінаў Усходняй Эўропы, вядомымі сваім крытычным стаўленьнем да Пуціна.

Аглядальнікі адзначаюць, што прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі дазваляе сабе парушаць традыцыю дыпляматычнай асьцярожнасьці і падтэкстаў, калі гаворыць пра Расею. Ён, да прыкладу, заявіў, што ў расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна “рукі ў крыві” ад вайны ў Чачэніі, а на мінулым тыдні Сарказі зьвінаваціў Крэмль ва ўскладненьні праблемаў у сьвеце.

Францускі палітоляг Жак Рупнік сказаў Радыё Свабода ў часе канфэрэнцыі “Форум 2000” у Празе:

“Францыя гаворыць адкрыта пра рэчы, якія ёй не падабаюцца ў палітыцы Расеі. Прэзыдэнт Сарказі нават заявіў, што назіраецца пэўная “бруталізацыя” расейскай палітыкі. Вядома, гэта не зусім звыклая дыпляматычная мова. Так што, сапраўды, можна казаць пра зьмены, пра большую, чым раней, увагу да праблемаў дэмакратыі ў Расеі”.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу на сустрэчы прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі перад візытам у Расею. Пасьля наведаньня Вугоршчыны, радзімы свайго бацькі, Сарказі на мінулым тыдні паехаў у Баўгарыю. У Сафіі Сарказі сказаў журналістам, што ён “напалову ўсходні эўрапеец”.

Для бальшыні ва Ўсходняй Эўропе гэта прагучала як заява аб салідарнасьці з былымі “паняволенымі народамі” на пост-савецкай прасторы. Пасьля гэтага Сарказі зьвінаваціў Расею ў тым, што яна “ўскладняе” праблемы ў сьвеце, маючы на ўвазе пазыцыю Масквы адносна статусу Косава.

На другі дзень пасьля гэтага, 5 кастрычніка, Сарказі вітаў у Парыжы празаходняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанку. А ўчора францускі прэзыдэнт правёў перамовы зь лідэрамі краінаў – новых сябраў Эўразьвязу – Польшчай і Чэхіяй, што, паводле аглядальнікаў, азначае досыць яснае пасланьне Маскве пра новыя акцэнты Францыі ў замежнай палітыцы.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, як пішуць францускія СМІ, шукаў падтрымкі Францыі ў справе супрацьракетных радараў і далучэньні Грузіі да НАТО. Што да чэскага прэм’ер-міністра Мірка Топаланка, то зь ім абмяркоўвалася агульнаэўрапейская палітыка: у ліпені сёлета Францыя будзе старшыняваць у Эўразьвязе, а адразу за ёй, праз 6 месяцаў – Чэхія.

Андрэ Глюксман, францускі філёзаф, аналітык і камэнтатар, вядомы сваімі рэзкімі публікацыямі адносна палітыкі Расеі ў Чачэніі, кажа, што Сарказі ад пачатку сваёй перадвыбарчай кампаніі даў ясна зразумець, што ў цэнтры яго замежнай палітыкі будзе свабода і правы чалавека. Глюксман сказаў:

“Розьніца з Шыракам, папярэднім прэзыдэнтам, у тым, што Сарказі надае перавагу краінам – новым сябрам Эўразьвязу перад Пуціным. Вы ведаеце, што Шырак быў вельмі добрым сябрам Пуціна, якога ён узнагародзіў самым ганаровым ордэнам Рэспублікі – і гэта ўсяго за два тыдні перад забойствам Ганны Паліткоўскай”.

Глюксман таксама адзначае, што і адносна палітыкі на Каўказе прэзыдэнт Сарказі ясна прадэманстраваў сваю пазыцыю – калі запрасіў прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, якога прэзыдэнт Шырак заўсёды адмаўляўся прыймаць у Парыжы.

Тым часам, францускія дыпляматы заявілі, што сустрэчы прэзыдэнта Нікаля Сарказі з усходнеэўрапейскімі лідарамі напярэдадні візыту ў Расею не былі сплянаваныя адмыслова, каб нешта падкрэсьліць, а паглыбленьне стасункаў Францыі з Усходняй Эўропай ня мае дачыненьня да палітыкі адносна Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG