Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомельскі актывіст АГП Уладзімер Кацора арыштаваны на 7 сутак


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі быў затрыманы намесьнік старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грмадзянскай партыі Уладзімер Кацора. Яго даставілі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, дзе паводле сьведчаньня супрацоўнікаў ДАІ спадароў Палянка й Калугіна складзены пратакол нібыта за нецэнзурную лаянку й грубыя паводзіны.

Уладзімера Кацору апэратыўна адвезьлі ў суд Чыгуначнага раёну. Судзьдзя Козыраў пакараў актывіста 7 суткамі арышту.

Як лічыць спадар Кацора, ягоны арышт зьвязаны з дзьвюма палітычнымі падзеямі, якія маюць адбыцца напрыканцы гэтага тыдня:

Кацора: “Насамрэч, я думаю, што гэта – правакацыя. Я так і напісаў. Чарговая, дарэчы, правакацыя. Зьвязана яна з тым, што прыязджаюць амбасадары краінаў Эўразьвязу. Думаю, гэта галоўная прычына. Я павінен быў гэтую сустрэчу з нашага боку арганізоўваць у пятніцу. І другая прычына – гэта Эўрапейскі марш, які ладзіцца ў Менску”.

Гэта ўжо чацьвёрты арышт актывіста напярэдадні важных палітычных падзеяў. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі й сьвяткаваньнем Дня Волі Уладзімір Кацора правёў за кратамі 23 сутак.
XS
SM
MD
LG