Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амністыя ў Туркмэністане не апраўдала надзеі праваабаронцаў


Сяргей Абламейка, Прага 8 кастрычніка ў Туркмэністане ўступіла ў дзеяньне чарговая амністыя. Аднак надзеі праваабаронцаў, што на волю выйдуць некаторыя зь вядомых дысыдэнтаў, падобна, не апраўдваюцца. Чакаецца, што на волю выйдуць каля 9 тысяч чалавек, пераважна дробных крымінальнікаў.

Гэтымі днямі туркмэнская тэлевізія паказвае, як толькі што вызваленыя вязьні клянуцца на Каране адмовіцца ад крымінальнай дзейнасьці:

Вызвалены: “Я клянуся на сьвятым Каране, на сьвятым хлебе і на сьвятой Рухнаме, што я ніколі не паўтару злачынства зноў”.

Вызвалены: “Я клянуся, што ніколі не паўтару такога ў будучым. Наш прэзыдэнт сказаў, што нас болей ня будуць лічыць злачынцамі і прапануюць нам працоўныя месцы. Мы больш чым удзячныя яму”.

Насамрэч, як паведамляюць жыхары Туркмэністану нашаму радыё, ніхто аб выпушчаных асабліва не клапоціцца і працоўных месцаў не прапануе. Такія амністыі пры Ніязаве сталі звычайнай справай – яны рэгулярна праводзіліся раз на год, а, часам, і чатыры разы на год. Выпускаюцца пераважна дробныя крымінальнікі. Абвінавачаныя ў карупцыі, забойствах і тэрарызьме ніколі не вызваляюцца.

Цяперашняя амністыя – ня стала выключэньнем. Надзеі праваабаронцаў на выхад з турмаў праціўнікаў рэжыму не апраўдаліся. Самая вядомая постаць, сярод вызваленых на гэтым тыдні, Гелды К’ярызаў – сусьветна вядомы сэлекцыянэр коней. Ён знаходзіўся ў турме з 2002 году і, паводле “Amnesty International”, меў вялікія праблемы са здароўем. Туркмэнскія ўлады атрымлівалі шмат зваротаў ад міжнародных арганізацый з просьбай вызваліць К’ярызава.

Другая вядомая постаць сярод вызваленых – Нурмурад Рэджэпаў, сын кіраўніка аховы былога прэзыдэнта Ніязава. Ніхто ня ведае прычыны, паводле якой ён і яго бацька былі арыштаваныя, і чаму цяпер сын выпушчаны.

У турме застаўся былы міністар замежных спраў Туркмэністану Барыс Шыхмурадаў, але яго жонка і пляменьнік пад цяперашнюю амністыю якраз трапілі.

Увагу праваабаронцаў прыцягнуў і такі факт. Абвешчана, што сярод амаль 9 тысяч амніставаных у Туркмэністане вязьняў 1370 жанчын. Тым часам вядома, што адзіная жаночая туркмэнская турма ў горадзе Дашагуз разьлічаная на 700 зьняволеных.

• Ці будзе ў Беларусі амністыя?, 09.10.2007
XS
SM
MD
LG