Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўлады хаваюць у справе банды Марозава?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня завяршыўся другі працэс над удзельнікамі гэтак званай “банды Марозава”, якая дзейнічала ў Гомельскай вобласьці зь сярэдзіны 1990-х гадоў. Назіральнікі кажуць пра надзвычайную закрытасьць працэсу паводле справы банды. Сярод бандытаў былі і супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Да найвышэйшай меры пакараньня, расстрэлу, калегія Вярхоўнага Суду прысудзіла Сяргея Марозава і Ігара Данчанку, якія ў сярэдзіне 1990-х гадоў сфармавалі ў Гомелі злачынную банду. Злачынцы вымагалі грошы ў мясцовых прадпрымальнікаў і забівалі тых, хто адмаўляўся плаціць.

Чальцам банды — Зайцава, Семчанку, Сідарэнку, Астрацову-Гутыру — суд даў 20 гадоў зьняволеньня, зь якіх пяць гадоў яны адбудуць у турме, а пятнаццаць — у калёніі. Алег Джумаў асуджаны на шэсьць гадоў зьняволеньня.

Гэта ўжо другі працэс над С.Марозавым і ягонымі суўдзельнікамі. У сьнежні 2006 году вынесьлі прысуд болей як трыццаці чальцам банды.

Тады да сьмяротнага пакараньня асудзілі Марозава, Данчанку і Гарбатага. Прысуд быў канчатковы, абскардзіць яго немагчыма. Дараваць жыцьцё забойцам можа толькі прэзыдэнт краіны.

Працэс праходзіў у Менскім сьледчым ізалятары за зачыненымі дзьвярыма. Прадстаўнік пракуратуры Эльдар Сафараў патлумачыў закрытасьць працэсу “неабходнасьцю гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў працэсу”.

Адметна, што сваякоў асуджаных не пусьцілі нават на агалошаньне прысуду. У залі, дзе праходзіў працэс, забаранілі тэле- і фатаздымкі.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла кажа пра тэндэнцыю — закрытыя судовыя працэсы апошнім часам вельмі частыя ў Беларусі:

“Там, дзе гаворка пра сувязь злачыннасьці з уладай, зь міліцыяй, з пракуратурай, там адразу робяць працэс закрытым. Баяцца галоснасьці, таго, што такія справы будуць кантралявацца грамадзтвам”.

Раней да 11 гадоў зьняволеньня суд асудзіў былога начальніка крымінальнага вышуку Гомелю Мікалая Лосева, які дапамагаў бандытам групоўкі Марозава.

Між тым, дагэтуль не знайшлі яшчэ аднаго суўдзельніка бандытаў, які працаваў у мясцовай пракуратуры.

На судзе прагучалі зьвесткі пра арсэнал зброі, які знайшлі ў бандытаў. Сем аўтаматаў Калашнікава, некалькі пісталетаў, болей за тысячу патронаў, у тым ліку патроны для бясшумнай зброі, якія ўжываюць спэцыяльныя войскі.

Адкуль гэта ў бандытаў і ці пакаралі тых, хто іх забясьпечваў адмысловымі сродкамі? Прадстаўнік пракуратуры на працэсе Эльдар Сафараў заявіў, што ён пра гэта ня ведае:

“У папярэдняй справе былі зьвесткі пра два аўтаматы Калашнікава, якія патрапілі з зоны прыднястроўскага канфлікту. Адкуль аўтаматы ў гэтай справе, мне як прадстаўніку дзяржаўнага абвінавачаньня, не вядома”.

Між тым праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што зьвесткі пра паходжаньне зброі й спэцсродкаў мусіць ведаць усё грамадзтва.

“Чамусьці справы, у якіх фігуруе зброя і спэцсродкі, якія могуць быць толькі ў спэцслужбаў, заўсёды засакрэчаныя. Таму і трэба патрабаваць, каб такія працэсы былі адкрытымі”.

Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе ўжываецца сьмяротная кара. З 1997 году да расстрэлу ў Беларусі асудзілі 161 чалавека. Вядома толькі пра аднаго асуджанага, якога Аляксандар Лукашэнка памілаваў.


• Гісторыя банды Марозава далёкая ад фіналу, naviny.by, 1.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG