Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч пра дэмакратыю, пра апазыцыю, пра радары


Вольга Караткевіч, Прага Ініцыятар руху “За свабоду”, былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч браў удзел у “Форуме-2000” - штогадовай сустрэчы палітыкаў, навукоўцаў і грамадзкіх дзеячоў, які кожны год адбываецца ў Празе пад патранатам былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Наша карэспандэнтка пагаварыла з Аляксандрам Мілінкевічам у кулюарах форуму.

Караткевіч: Якія могуць быць вынікі гэткіх форумаў?

Мілінкевіч: Некаторым здаецца, што гэта пустая трата грошай і часу, што зьбіраюцца людзі – дзень пагаварылі і разьехаліся. Але па-першае, зьяжджаюцца выдатныя людзі – экспэрты, палітыкі былыя, дзейныя. І я лічу, што вельмі важна пачуць адзін аднаго, бо ў сьвеце інтэрнэт-камунікацыяў жывы кантакт таксама вельмі шмат значыць. Я – за такія форумы.

Караткевіч: З кім у Вас ужо былі сустрэчы і з кім яшчэ заплянаваныя?

Мілінкевіч: Была сустрэча з Мэдлін Олбрайт, была таксама рабочая сустрэча зь міністрам замежных справаў Чэхіі Карлам Шварцэнбэргам. Будуць яшчэ сустрэчы, у тым ліку кулюарныя, якія таксама маюць вялікае значэньне. Тым больш што сёньня адносна Беларусі сапраўды ёсьць два падыходы. Адзін – трэба па-ранейшаму ставіць ўладзе умовы ў супрацоўніцтве з дэмакратычнымі краінамі, і я за такую пазыцыю – без умоваў нельга. А другі – апазыцыя слабая, яна пасварылася, няма партнэра для размовы, значыць трэба выходзіць напрасткі на дыктатара і размаўляць зь ім без усялякіх умоваў. Памылка. Памылка, бо гэта будзе проста ўзмацненьне рэжыму. А мы мусім прымушаць рэжым ісьці да лібэралізацыі, да дэмакратызацыі, калі ён сапраўды жадае супрацоўніцтва.

Караткевіч: Асноўная тэза Вашага выступу – гэта тое, што ў Беларусі ёсьць дух свабоды і Вы просіце аб салідарнасьці – не пераносіць свае стандарты свабоды ў Беларусь, а памагчы Беларусі пабудаваць сваю свабоду.

Мілінкевіч: Часта гавораць аб тым, што ў посткамуністычных краінах людзі яшчэ й ня ведаюць, што такое свабода, што, можа, дыктатар адпавядае духу гэтых людзей – хай яны пажывуць зь ім і самі зразумеюць усё. Але я хацеў сказаць на прыкладзе канкрэтных слоў людзей, якія пісалі на інтэрнэт-сайты, што нават чалавек, які ня жыў у свабодзе, ад прыроды адчувае яе неабходнасьць, і нельга дзяліць людзей на дастойных свабоды і недастойных.

Караткевіч: Вось Вы сказалі, што апазыцыя пасварылася. Тут Вас прадставілі як лідэра апазыцыі, прынамсі так фігуруеце ў дакумэнтах – не як экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта, не як кіраўнік руху “За свабоду”, а менавіта як лідэр. А як быць з астатнімі – кіраўнікамі партый?

Мілінкевіч: Думаю, што лідэрамі могуць называць сябе розныя людзі або іх так могуць называць. Я сёньня – не адзіны кандыдат, як быў раней, або адзіны лідэр – сэнс ня ў гэтым. Сэнс ня ў колькасьці лідэраў, а ў нашым уплыве на партнэраў. І нельга губляць тых магчымасьцяў. Часта кажуць – нашто вы езьдзіце па замежжах, трэба ў краіне працаваць. Але гэта такі вясковы падыход. Трэба і па краіне езьдзіць як мага больш, і выяжджаць за мяжу. Таму я лічу, што й іншыя лідэры павінны быць за мяжой і дзяліцца сваімі думкамі. Мы мусім уплываць на тыя рашэньні, якія прымаюцца ў дэмакратычных краінах.

Караткевіч: Які Ваш прагноз адносна Эўрапейскага маршу? Ці будзе ён масавым?

Мілінкевіч: Так, хочацца, каб многа людзей прыйшло, таму што для мяне гэта так: выйшлі людзі і паказалі: “А мы хочам быць эўрапейцамі, мы й ёсьць эўрапейцамі. Хоць прагназаваць колькасьць складана, і я не хачу быць прарокам. Проста запрашаю ўсіх. Усіх, хто слухае Радыё Свабода – прыйдзіце калі ласка, мы мусім паказаць, што мы ёсьць, што мы – сіла. Не прасьпіце гэты дзень. Гэта дэманстрацыя і самім сабе, і тым людзям, якія думаюць пра дэмакратыю ў Беларусі ў замежжы.

Караткевіч: Пару агульнапалітычных пытаньняў. Нядаўна прэм''ер-міністар Чэхіі Тапаланэк, выступаючы ў нас на радыё, сказаў, што Захад павінен ціснуць на Расею. У кантэксьце апошніх падзеяў у Расеі, дзе адбываецца абсалютызацыя ўлады, магчыма, будзе зьмена ў канстытуцыі “пад прэм''ера”, здушваецца апазыцыя – ці можна працягваць гаварыць пра канструктыўны дыялёг зь цяперашняй расейскай уладай?

Мілінкевіч: Я думаю, дыялёг павінен быць і з расейскай уладай, і зь беларускай уладай. Толькі ня трэба хаваць праблем. Калі мы бачым, што штосьці робіцца ня так – ці заходнія краіны бачаць – яны павінны шчыра аб гэтым гаварыць. Нельга рабіць так, што калі гэта краіна, ад якой мы залежым энэргетычна, дык трэба прамаўчаць. Вось гэта была б памылка для Захаду. У Расеі сапраўды сур''ёзныя праблемы з дэмакратыяй, з мэдыямі, з выбарчай сыстэмай, з манапалізацыяй палітычнай. Гэта, вядома, унутраная справа Расеі, а мы можам казаць толькі пра нашу маральную пазыцыю. Тое самае павінна рабіць і Эўропа.

Караткевіч: Мы мусілі перапыніць інтэрвію – у Вас была важная сустрэча. З кім?

Мілінкевіч: Гэта генэральны губэрнатар Канады спадарыня Жан – вельмі сымпатычны чалавек. Учора яна выступала з прамовай, якая мяне глыбока ўразіла – там былі і пачуцьцё годнасьці, і пачуцьцё дэмакратыі.

Караткевіч: А што яе зацікавіла ў сустрэчы з Вамі?

Мілінкевіч: Яна падзякавала за маю прамову, сказала, што яна яе ўразіла і што Канада будзе працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, асабліва незалежных мэдыяў – маленькіх газэт, мы пра гэта гаварылі і гэта вельмі важна. Я ёй сказаў, што незалежна ад таго, наколькі шмат вы можаце зрабіць, важна, што вы гэта робіце. Нам неабходна, каб як мага большая колькасьць краінаў была разам з намі, з дэмакратыяў у Беларусі.

Караткевіч: Паколькі Вы прадстаўляеце Беларусь на такім шырокім форуме, дзе ўдзельнічаюць вядомыя, масьцітыя палітыкі сьвету – як Вы ставіцеся да гэтых дэбатаў пра разьмяшчэньне амэрыканскага радара на тэрыторыі былой Усходняй Эўропы?

Мілінкевіч: Я асабіста стаўлюся спакойна. Я лічу, што, па-першае, гэта абарончыя захады, гэта не пачатак агрэсіі супраць кагосьці – гэта бароняць сваё. Узьняты ажыятаж я не падзяляю абсалютна – Польшча і Чэхія маюць права на такія рэчы. Усё ж тэрарызм – сапраўды вялікая небясьпека для ўсяго сьвету, і тое, што яны супрацоўнічаюць са Злучанымі Штатамі ў гэтай галіне – я лічу, гэта нармальна.
XS
SM
MD
LG