Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Беларусі амністыя?


Ігар Карней, Менск Апошні раз у Беларусі амністыя праводзілася два гады таму. 5 траўня 2005-га Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі да гадавіны Перамогі.

Тады вызвалілі ад адбываньня пакараньня перадусім удзельнікаў войнаў, ліквідатараў-“чарнобыльцаў”; непаўналетніх, цяжарных жанчын, пэнсіянэраў, інвалідаў. Асобы, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, ад пакараньня не вызваляліся.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Уладзімера Навумава, у выніку апошняй амністыі зь месцаў пазбаўленьня волі выйшлі 3882 асуджаныя, з папраўчых установаў адкрытага тыпу — 4807 чалавек.

Аналягічная амністыя абвяшчалася і ў 2004-м і была прымеркаваная да сьвяткаваньня 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі.

Сёлета цягам усяго году верагоднасьць амністыі абмяркоўвалася неаднаразова. Пра яе некалькі разоў заяўляў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.

Аднак увесну дэпутаты Палаты прадстаўнікоў так і не пачалі разглядаць гэта пытаньне. На парадку дня восеньскай сэсіі яно таксама ёсьць, але ці будзе раглядацца — невядома.

Пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі складаецца з трох выхаваўчых калёніяў, дзьвюх турмаў, шасьці сьледчых ізалятараў, дзьвюх лячэбна-працоўных установаў, двух шпіталёў для лекаваньня асуджаных, аднаго арыштанцкага дому, сарака дзевяці выхаваўчых установаў адкрытага тыпу. Пад кантролем пэнітэнцыярнай сыстэмы ў Беларусі — больш за 100 тысяч асуджаных і зьмешчаных пад варту, зь іх 52 тысячы — у месцах пазбаўленьня волі і “працоўных прафілякторыях”. Паводле міжнародных гуманітарных арганізацыяў, беларускія пэнітэнцыярныя ўстановы перапоўненыя больш як на 20%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG