Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл: "Мужнасьць – адзіны шлях да посьпеху"


Вольга Караткевіч, Прага Учора ў часе Форуму-2000, які штогод праводзіцца пад патранажам былога чэскага прэзыдэнта Вацлава Гавэла, адбылося ўручэньне прэміі імя Гано Эленбоген Аляксандру Мілінкевічу. На цырымонію прыбыў Вацлаў Гавэл і пасьля яе даў інтэрвію Свабодзе.

Вацлаў Гавэл рэгулярна падтрымлівае дзеяньні беларускай апазыцыі і культурнай эліты. Напярэдадні "Эўрапейскага маршу" 14-га кастрычніка я спытала яго, што ён думае пра такія формы пратэсту?

Прага, 8.10.2007. Форум-2000. Вацлаў Гавэл"Ёсьць, натуральна, самыя розныя спосабы і формы як выказаць сваю пазыцыю, а паколькі ў Беларусі сытуацыя да таго дасьпявала, да той формы пратэсту спрычынілася, дык, натуральна, трэба гэта скарыстаць. Удзел у гэтых дэманстрацыях неадназначны. Затрымліваюць людзей і так далей. Але мужнасьць – гэта адзіны шлях да посьпеху".

Апошнім часам у Расеі ўзмацніліся пазыцыі цяперашняга прэзыдэнта, Масква вядзе адмысловую інфармацыйную палітыку адносна краін, якія выйшлі з-пад яе уплыву Расеі. Я спытала былога прэзыдэнта Чэхіі, як, на ягоную думку, будзе разьвівацца палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі?

Прага, 8.10.2007. Форум-2000. Вацлаў Гавэл"Я ня веру, што Беларусь магла б быць інтэграванай у Расею. Натуральна, што Расея будзе там умацоўваць уплыў. А да таго ж гэта будзе залежыць, як у Беларусі будуць бараніцца ад гэтага і адбудоўваць раўнапраўныя адносіны".

На завяршэньне размовы Вацлаў Гавэл выказаў пажаданьні слухачам Свабоды:

"Перадаю ім сардэчнае прывітаньне. Таксама быў актыўным слухачом Радыё Свабода. І пажадаў бы ім, каб афіцыйнае беларускае радыё стала такім жа свабодным, як радыё Свабода".

Прага, 8.10.2007. Форум-2000. Вацлаў Гавэл уручае Аляксандру Мілінкевічу прэмію Гано Эленбоген
XS
SM
MD
LG