Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Горадні: “На “Эўрапейскі марш” я паеду абавязкова — і за свае грошы”


Міхал Карневіч, Горадня Ці ведаеце вы пра “Эўрапейскі марш” і як ставіцеся да яго правядзеньня? Такое пытаньне сёньня задаваў мінакам наш карэспандэнт у Горадні.

Спадар: “Безумоўна, ведаю, паколькі пра гэта дастаткова даўно ўжо гавораць і пішуць. Стаўлюся пазытыўна, паколькі для мяне гэта асацыяцыя з кірункам у бок Эўропы з далучэньнем да Эўразьвязу, да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Гэты кірунак можа прынесьці Беларусі шмат карыснага, і я падтрымліваю намаганьні ўсіх, хто гэтым займаецца”.

Дзяўчына: “Не, ня ведаю, ня маю ніякай інфармацыі пра гэта”.

Хлопец: “А, гэта Ранды-паці, у “Мэдысане” Ранды-паці...”

Дзяўчына: “Бачыла налепкі ў горадзе: 14 кастрычніка, Кастрычніцкая плошча, “Эўрапейскі марш”.

Дзяўчына: “Не, нічога ня ведаю”.

Спадар: “Гэта толькі плюс. Эўропа — гэта здорава. Я толькі за марш!”

Хлопец: “Не, ня ведаю я, мне гэта не цікава”.

Спадар: “Няма такой інфармацыі. Вось людзі неяк падпольна пра гэта даведваюцца з замежных радыёстанцыяў. Падтрымваю марш на 100 адсоткаў, і калі будзе такая магчымасьць, то вазьму ў ім удзел”.

Спадар: “Мы былі ў Эўропе й павінны туды цывілізавана вярнуцца. А “Эўрапейскі марш” — гэта адна з магчымасьцяў выйсьці на вуліцу й паказаць усяму сьвету й беларускім уладам, што мы хочам у Эўропу”.

Спадар: “На “Эўрапейскі марш” я паеду абавязкова — і за свае грошы”.

Спадар: “Адсутнічае інфармацыя ўвогуле. Адзінае, можна пачытаць у інтэрнэце. А ў Горадні наагул няма ні налепак, ні ўлётак”.

Спадар: “Думаю, абавязкова трэба праводзіць такія акцыі, каб усе бачылі, што мы змагаемся за зьмены ў грамадзтве”.

Спадар: “Ды, нічога наагул пра гэта ня ведаю, таму стаўленьня ў мяне няма ніякага”.
XS
SM
MD
LG