Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: актывісты судзяцца зь міліцыяй


Радыё Свабода У Ленінскім судзе Магілёва пачаліся слуханьні грамадзянскай справы на пазоў грамадзкіх актывістаў Аляксандра Каралёва, Аляксея Паўлоўскага да Юр’я Дарашэнкі. Яны вінавацяць міліцыянтаў Яўгена Жылінскага, Аляксандра Сыраежкіна ды Тацяну Мартынаву ў зьнявазе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

Пазоўнікі патрабуюць, каб міліцыянты публічна папрасілі прабачэньня, сплацілі два мільёны рублёў кампэнсацыі за маральныя страты ды агучылі судовы вырак перад асабовым складам супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі.

Нагодай для суду стала фраза, якую вымавілі міліцыянты падчас судовага разьбіральніцтва 6 красавіка 2007 году. Тады яны заявілі, што актывісты пагражалі ім фізычнай расправай. “Калі ўлада зьменіцца, міліцыянтаў будзем вешаць на слупах” — такая фраза зафіксаваная ў судовым пратаколе.

У судзе міліцыянты пацьвердзілі, што такая фраза гучала, але хто канкрэтна з пазоўнікаў яе вымавіў, яны сказаць ня могуць. Пра што актывісты гаварылі ў машыне, яны ня памятаюць, але запомнілі менавіта гэтую фразу. Наагул жа, паводле міліцыянтаў, актывісты паводзіліся карэктна, але былі ўзбуджаныя.

На судовым паседжаньні міліцыянты не прызналі пазову актывістаў.

Старшы інспэктар прававога забесьпячэньня Тацяна Мартынава назвала прэтэнзіі пазоўнікаў беспадстаўнымі. На яе думку, агучаная фраза ніякім чынам не была скіраваная на зьнявагу актывістаў. Так міліцыянты апісвалі рэальныя падзеі.

Грамадзкія актывісты з довадамі міліцыянтаў не пагадзіліся.

Сёньня судзьдзя Валянціна Лапаціна павінна агучыць вырак.

У красавіку 2007 году грамадзкія актывісты ўжо намагаліся праз суд абвінаваціць міліцыянітаў у спробе сарваць паездку на ўстаноўчую канфэрэнцыю Саюзу левых партыяў Беларусі.

10 красавіка судзьдзя Сьвятлана Бурака прэтэнзіі актывістаў прызнала беспадстаўнымі.

• Магілёў: суд адхіліў прэтэнзіі актывістаў да міліцыі, 10.04.2007
XS
SM
MD
LG