Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нешта не ў парадку ў нас са свабодным друкам, са свабодай меркаваньняў”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 9 кастрычніка, аўторак. Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Пачынаючы ад гэтага тыдня мы уводзім прыз - падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы буду абвяшчацца кожную нядзелю у тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24

Уладзімер, Полацк: “У спрэчках з прыхільнікамі Аляксандра Рыгоравіча прыходзіцца чуць наступны аргумэнт: “Вось у нас у Беларусі парадак, а там, дзе дэмакратыя – паўсюль бардак”. У якасьці прыкладу яны прыводзяць суседнюю Ўкраіну. У сваю чаргу ў якасьці прыкладу я прыводжу Нямеччыну ці Скандынаўскія краіны. Там, кажу, таксама дэмакратыя, толькі наўрад ці ў каго з вас павернецца язык сказаць, што там таксама бардак. Ня верыце? Едзьце туды і самі пераканаецеся. Не разумеюць гэтыя людзі, што дэмакратызацыя – гэта не імгненны працэс. Заснуў пры дыктатуры, прачнуўся пры дэмакратыі – так не бывае. Дэмакратызацыя – гэта працэс, які патрабуе некаторага часу. Ваш кумір Аляксандр Рыгоравіч адкінуў Беларусь, як мінімум, гадоў на 15-20 назад. І калі б не Аляксандр Рыгоравіч, зь яго калгасным стылем кіраўніцтва, то Беларусь, магчыма, была б ужо ў Эўразьвязе, у сям’і цывілізаваных эўрапейскіх краінаў”.

Спадарыня: “На Радыё Свабода мы тэлефануем не для таго, каб пагуляцца. Мы выказваем свае скаргі, зьдзекі з народу, мы патрабуем Марш Свабоды, каб сказаць: “Свабоду Казуліну!”.

Спадар, Пінск: “На мінулым тыдні ў нас у Пінску перастала выходзіць незалежная недзяржаўная газэта “Мясцовы час”. Як звычайна бывае ў нас з незалежнай прэсай, яе, як кажуць, зьелі мясцовыя ўлады. Нешта не ў парадку ў нас са свабодным друкам, са свабодай меркаваньняў. Тыя, хто мае сваю асабістую думку, адрозную ад афіцыйнай, ня могуць яе выказаць, хаця ніякай крамолы гэта газэта не друкавала. Было – як трэба. Яна апавядала пра падзеі, якія адбываліся ў нашым горадзе. Грамадзяне любілі гэтую газэту, зьвярталіся да яе за дапамогай, яна дапамагала. І вось яе няма ўжо. Што ў нас, у рэспубліцы, будзе са свабодным друкам, цяжка сказаць, калі так усё будзе разьвівацца і надалей”.

Анастас Семяновіч: “Хто даў права парушаць канстытуцыю Беларусі, адмаўляючы ў рэгістрацыі “Маладога Фронту”? Гэта наша годная зьмена, якая будзе рабіць усё, каб народ жыў, як эўрапейцы, а ня так, як сёньня.

Вам, героі Беларусі, “Малады Фронт,” жадаю рашуча працягваць сваю працу на карысьць роднай Беларусі. Вас Беларусь не забудзе”.

Спадарыня: “Я слухаю па тэлевізары, што Ўкраіна вызвалілася, дэмакраты перамаглі. Я хачу іх павіншаваць. Самага найлепшага ўкраінцам, добрага жыцьця і каб ім было добра”.
XS
SM
MD
LG