Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд паўторна асудзіў да расстрэлу С.Марозава і І.Данчанку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня завяршыўся другі працэс над чальцамі гэтак званай “банды Марозава”, якая дзейнічала ў Гомельскай вобласьці з сярэдзіны 1990-ых гадоў. Калегія Вярхоўнага суду асудзіла С.Марозава і І.Данчанку да вышэйшай меры пакараньня – расстрэлу.

Іх прызналі вінаватымі ў некалькіх забойствах. Чальцоў банды В. Зайцава, А.Семчанку, Д.Сідарэнку, А. Астрацова-Гутыру асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, зь якіх 5 гадоў яны адбудуць у турме, а 15 ў калёніі. А.Джумаў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня.

Гэта ўжо другі працэс над С.Марозавым і ягонымі саўдзельнікамі. У сьнежні 2006 года быў вынесены прысуд болей як 40 чальцам банды. Тады да сьмяротнага пакараньня былі асуджаныя С.Марозаў, І.Данчанка і В.Гарбаты.

Працэс праходзіў ў менскім сьледчым ізалятары за зачыненымі дзьвярыма. Прадстаўнік пракуратуры Эльдар Сафараў патлумачыў закрытасьць працэсу “неабходнасьцю гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў працэсу”. Адметна, што сваякоў асуджаных не пусьцілі нават на агалошваньне прысуду. У зале, дзе праходзіў працэс, забаранілі тэле і фотаздымкі.

Паводле Э. Сафарава, ніхто з асуджаных за забойства не прызнаў сябе вінаватым. Прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што працягваюцца пошукі былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўваходзілі ў банду С.Марозава і схаваліся пасьля яго арышту.

Беларусь – адзіная ў Эўропе краіна, дзе ужываецца сьмяротная кара. З 2003 года да расстрэлу ў Беларусі былі асуджаны 23 чалавекі.



Прадстаўнік пракуратуры Эльдар Сафараў адказвае на пытаньні журналістаў каля Менскага сьледчага ізалятару.
XS
SM
MD
LG