Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Товарищ” заклікае сваіх чытачоў напісаць скаргі


Ігар Карней Сёньня галоўны рэдактар грамадзка-палітычнай левай газэты «Товарищ» Сяргей Вазьняк праз інтэрнэт-рэсурсы зьвярнуўся з адкрытым лістом да чытачоў выданьня і супрацоўнікаў міліцыі ў Менску і Жлобіне.

Ён нагадвае: 27 верасьня ў выніку супольнай апэрацыі супрацоўнікаў Жлобінскага РАУС і адзьдзелу міліцыі Ленінскага РАУС Менска, была канфіскавана частка накладу газэты “Товарищ” – усяго 14 тысяч асобнікаў.

У той час, як заканадаўствам акрэсьлены 10-дзённы тэрмін для праверкі законнасьці друкаваньня СМІ, сёньня ўжо 12-ы дзень, аднак ніякага адказу з праваахоўных органаў рэдакцыя так і не атрымала.

Паводле Сяргея Вазьняка, наўрад ці якія праверкі вядуцца ўвогуле. Прынамсі, ніхто з супрацоўнікаў рэдакцыі ў міліцыю не выклікаўся, ніякіх тлумачэньняў ці дакумэнтаў ад кіраўніцтва газэты не патрабуецца.

Сёньня на рэдкалегіі прынятае рашэньне праз інтэрнэт-рэсурсы зьвярнуцца да чытачоў газэты “Товарищ”. Рэдактарат газэты заклікае чытачоў ісьці ці ў Жлобінскае РАУС, ці ў Гарадзкі аддзел міліцыі Менска на вуліцы Леніна, 13 і напісаць у кнігу скаргаў, што парушаюцца правы чытачоў.

У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім Дэкрэтам №2, які тлумачыць сутнасьць кнігі скаргаў, кожны грамадзянін на свой запыт павінен атрымаць адказ. З улікам, што наклад газэты складае 30 тысяч асобнікаў, выдаўцы спадзяюцца на розгалас ад кампаніі. Маўляў, няхай міліцыянты адказваюць людзям, калі нічога ня могуць сказаць кіраўніцтву рэдакцыі.

У заяве падсумоўваецца: “Міліцыя займаецца прававым бязьмежжам. Дык давайце прымусім яе хоць бы адказаць: які лёс праверкі, які лёс канфіскаванага накладу?”
XS
SM
MD
LG